У сераду ФШ1 ладзіць у Варшаве летнюю самапрэзентацыю фатографаў.

Гэта фармат, у якім аўтар мае 10 хвілін, каб расказаць пра сябе і сваю творчасць жывой аўдыторыі. Гэта можа быць серыя ці праект, асабісты досвед, адрэфлексаваны фатаграфічнымі сродкамі, ці нават сумневы альбо пытанні да людзей у залі. Гледачы задаюць пытанні і ўдзельнічаюць у дыскусіях. Пасля выступаў — нэтворкінг.
У сераду ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі – урачыстае закрыццё выставы «Застацца / Zostać», прымеркаванай да 60-годдзя з дня нараджэння Алеся Пушкіна.

У праграме — адкрытая лекцыя Уладзя Булаўскага «Алесь Пушкін і Віцебск». Спадар Уладзь распавядзе пра творчасць мастака ў 1990-я, яго ўплыў на віцебскую культуру таго часу і самыя яскравыя перформансы. Уваход вольны, данаты вітаюцца.
У чацвер у Варшаве адкрываецца выстава Марыі Гвардзейцавай «Bitter Herbs» («Горкія зёлкі»). Праект прысвечаны тэмам страты, памяці, прымірэння і дыялогу паміж чалавечым і прыродным. Ён даследуе складанасць працы з памяццю пра Халакост у Беларусі і краінах Балтыі — тэрыторыях, дзе знаходзілася «мяжа аселасці» і дзе падчас Другой сусветнай вайны былі знішчаныя сотні тысяч габрэяў. Асновай даследавання стала праца з «атласам» дзікіх зёлак, сабраных на дванаццаці буйных месцах пахаванняў у Беларусі, Латвіі і Літве. Гэтыя расліны, узятыя з зямлі, якая стала сведкай трагедыі, сімвалізуюць асабістыя і калектыўныя спосабы запамінання. Атлас ператвараецца ў мастацкія творы, што аб’ядноўваюць дакументальнасць і метафарычнасць. Экспазіцыя ўключае відэаінсталяцыю, знятую дронамі, 8 шаўкаграфічных панэляў, калажы і фатаграфіі.
У Варшаве ж працягваюцца нямыя кінасеансы пад жывую музыку «Нямая ліхаманка». 21-га жніўня глядзім польскую карціну «Белы след». Рэжысёр — Адам Кшэптоўскі. Музычнае суправаджэнне ў выкананні Дарыюша Пшыбыльскага (арган Hammond). Яшка, малады горац, які працуе лесанарыхтоўшчыкам, таемна пачынае адчуванне каханне да Ганкі, якая вярнулася ў родны горад пасля доўгай адсутнасці. Аднак Ганка закахалася ў Анджэя, альпініста і выдатнага лыжніка. Аднойчы яна адпраўляецца з ім у горную экспедыцыю, падчас якой яны трапляюць у завею і пад лавіну. Яшка, вярнуўшыся з адзінокага горнага паходу, знаходзіць Анджэя без прытомнасці і адводзіць яго ў бліжэйшую хату. Калі той ачуньвае, засмучаны хлопец даведваецца, што Ганка таксама апынулася ў пастцы лавіны. Ён паведамляе горным ратавальнікам і адпраўляецца на дапамогу.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






