У суботу ў Варшаве – шоўрум Refashioned ад дызайнераў з Польшчы, Украіны і Беларусі. Пакажуць працы пераможцаў першага конкурсу дызайнераў-дэбютантаў, а таксама беларускіх і ўкраінскіх брэндаў, стваральнікі якіх зараз знаходзяцца ў Варшаве: адзенне, ювелірныя вырабы, сумкі, капелюшы, паўсядзённую і высокую моду.

Удзел бяруць беларускія мастачкі і дызайнеркі Анастасія Рыдлеўская, Караліна Палякова, CEMRA, KANVA і іншыя.
У суботу комік Паша Залуцкі вязе ва Уроцлаў свой новы стэндап «Выскачка». Вас чакае шоу пра прыняцце сябе, пра бязглуздзіцу б’юці-індустрыі і пра пяшчоту да дарослых жанчын. Абяцае, што будзе весела, смела, шчыра.
У нядзелю беларусаў Беластока клічуць на экскурсію па крымінальным горадзе. У 1930-х Беласток быў шалёна небяспечным! На вуліцы маглі не толькі абрабаваць, але і збіць ці застрэліць. Прамыслоўцы і багацейшыя баяліся зламаных вокнаў, банкіры — фальшывых аблігацый. А асартымент прапаноў цесных манікюрных салончыкаў часам быў моцна шырэйшы, чым заяўлялася афіцыяльна. Даведаецеся пра перыяд 1920-1930 гг., спецыялізацыі злачынцаў, банды і аўтарытэтаў, фальшывыя грошы і іншае.
У нядзелю ў Лёне ў межах літаратурнага фэста – творчыя сустрэчы з літаратарамі. Вольга Гапеева прэзентуе свой раман «Самота, што жыла ў пакоі насупраць». А падчас сустрэчы з Віктарам Марціновічам аўтар распавядзе пра свой раман «Рэвалюцыя».
У нядзелю J:МОРС грае ўтульны акустычны канцэрт на вольным паветры у дворыку кавярні. Зайграюць поўным складам свае лепшыя і зусім новыя песні ў акустычным варыянце. Атмасфера такіх імпрэз — як сустрэча з дарагімі сябрамі ў вашым любімым месцы: добрая музыка, шчырыя ўсмешкі, цёплыя размовы і толькі самыя цудоўныя людзі побач.
У нядзелю ва Уроцлаве сольны акустычны канцэрт грае Піт Паўлаў. Тут чакае асаблівая атмасфера — з песнямі, гісторыямі, успамінамі і надзеяй. Спадар Піт абяцае: выканаць і старыя хіты, і новыя песні з альбома «Апошні» і з сольнага праекта; расказаць, як жывуць беларусы ва Украіне, Польшчы, Грузіі, Даніі, Літве, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Нідэрландах, Кіпры, — што пішацца, спяваецца і марыцца сёння.
У нядзелю блогерка @pakrysie ладзіць вебінар «Лаянка па-беларуску». Тут зможам акунуцца ў атмасферу, якая пануе на курсах «Беларуская мова пакрысе», атрымаць сюрпрыз.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






