У пятніцу ў Беластоку адкрываецца выстава Ташы Кацубы «0 / KATSUBA». Падзея даследуе, як форма набывае ўплыў, а архіў становіцца сцэнай. Цэнтральны элемент выставы – пяць касцюмаў і адна мазаіка, нерухомыя паміж шклянымі паверхнямі. Яны фіксуюць эмоцыі і перажыванні: страх, салідарнасць, каханне, стомленасць ад міграцыі. Прастора спалучае ў сабе характарыстыкі будуара, буціка і подыума, а чорная канапа намякае на доўгатэрміновую тэрапеўтычную працу. Выстава дэманструе, як адзін і той жа аб’ект можа функцыянаваць у розных кантэкстах: як сімвал, вітрына або экран. Куратар – Сяргей Шабохін.
У нядзелю ў Варшаве – дзень з праектам «Дыяфільм Live». Запрашаюць у свет фантазіі, дзе статычныя карцінкі ператвараюцца ў жывыя гісторыі, у рэальным часе агучаныя акцёрамі і музыкамі. Будзе два паказы. Першы – дзённы – сямейны паказ «Казкі на стужках»: дарослыя паглыбяцца ва ўспаміны з дзяцінства, а дзеці пачуюць новыя або забытыя казкі, выкананыя рэтраспосабам — з дапамогай чарадзейнага ліхтара (дыяпраектара). А пазней пакажуць «Вечар казак для дарослых»: паглядзіце народныя і аўтарскія, сучасныя беларускія, добрыя і наіўныя, псіхадэлічныя і крыху дзіўныя казкі. Чытаюць, спяваюць і шумяць Алена Гіранок, Наталля Ляванава. Запрошаны акцёр — Міхась Зуй.

У нядзелю беларускі Тэатр_безназвы апошні раз грае ў Гданьску спектакль «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». Гэта гісторыя трох дзяўчын-імігрантак, якія выпадкова сустракаюцца на пляжы ў Гданьску. Яны дамаўляюцца аб сустрэчах каля мора і дзеляцца сваім досведам і пацешнымі гісторыямі пра пераезд: моўных бар’ерах і падарожжах, спробах пазнаёміцца і асімілявацца, пошуках адказу на пытанне «што такое дом» і шмат чым іншым.
У нядзелю тэатр “Прыехалі” з Беластока грае ў Клайпедзе сямейны спектакль “Сумны суп” паводле твораў Вольгі Гапеевай.
У суботу ў Вільні – вечарына з нагоды шостых угодкаў Моладзевага Блоку – супольнасці маладых беларусаў, якія вераць, што жыццё без свабоды – гэта нішто. Тут чакае: прэзентацыя познанскай прасторы “Pakoj 202” і панэльная дыскусія пра досвед будаўніцтва беларускай супольнасці ў Польшчы; нэтворкінг і сустрэчы з аднадумцамі; дыскатэка.
У суботу ў Вільні грае акустычны канцэрт Ігар Палынскі, лідар гурта “Sumarok”. Абяцае вечар эмоцый, нерву, надзеі і бясконцай любові.
У суботу ў Вільні чакаецца і ўтульны кватэрнік Вячаслава Кміта. Прыходзьце і атрымайце сапраўдны кайф ад музыкі.
У суботу ў Кракаве – сольны канцэрт фолк-гурта «Laleja». Клічуць разам святкаваць пачатак чацвёртага сезону творчага шляху. У праграме – жывое гучанне архаічных спеваў, сяброўская атмасфера, адмысловыя госці і сапраўдны этнадзвіж.
У суботу ў Варшаве – акцёрскі трэнінг для жыцця і працы ад актора, тэлевядоўцы, выкладчыка Аляксандра Ждановіча: займальная лекцыя і практычны трэнінг пра тое, як рыхтавацца да публічных выступаў, пераадольваць хваляванне, авалодваць голасам; здымаць псіхалагічныя заціскі і размаўляць без паўз, замінак і слоў-паразітаў; кіраваць увагай аўдыторыі; адчуваць сябе камфортна падчас выступу. Бонусам даведаецеся, як «чытаць» паводзіны навакольных па іх жэстах і рухах.
Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






