BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У сераду ў Варшаве адкрылася выстава Вольгі Пашковіч “Лялькі Волі – на сумежжы культур”. На падзеі будзе прадстаўлена калекцыя з больш чым як ста прац. Акрамя традыцыйных вобразаў, гледачоў чакаюць аўтарскія лялькі, якія адлюстроўваюць сучасныя падзеі, але выкананыя ў тэхніцы старажытнай матанкі. Спадарыня Вольга – майстрыха з Беларусі, якая жыве ў Варшаве. Яна захоўвае старадаўнія рамесныя тэхнікі і адначасова надае ім сучаснае гучанне.

У сераду і чацвер у Стакгольме – перфарматыўныя чыткі паводле кнігі Альгерда Бахарэвіча «Плошча Перамогі». Твор распавядае пра ганца Лёксу Споле, якога паслалі з фронту паведаміць рэгенту, што кароль пацярпеў катастрафічную паразу. Па дарозе ён даведваецца, што выдадзены новы ўказ: кожны, хто прынясе дрэнныя навіны, будзе пакараны смерцю. Рашэнне – прынесці добрыя навіны. Але гэта хлусня, і хлусня павінна падтрымлівацца – любой цаной.

У чацвер у Вене – дыскусія “Беларусь на раздарожжы: кіраванне вяртаннем рэжыму з ізаляцыі. Стратэгіі, выклікі і рашэнні”. Удзел бярэ Арцём Шрайбман. Пасля ўзмацнення дыпламатыі з адміністрацыяй ЗША – разам з вызваленнем палітычных зняволеных і зняццем санкцый – рэжым Лукашэнкі паступова выходзіць з ізаляцыі і спадзяецца рухацца да рэінтэграцыі ў сусветную эканоміку, дыпламатыю і палітыку. Гэта выклікае пытанні як для дэмакратычнага свету, так і для беларускага грамадства: якія выклікі і магчымасці стварае гэтая рэінтэграцыя? якія стратэгіі павінны прыняць Аўстрыя, аб’яднаная Еўропа і беларускі дэмакратычны рух у адказ? як вызваленне палітычных зняволеных і больш шырокія грамадскія змены могуць працягвацца без істотных саступак рэжыму Лукашэнкі? Працоўная мова дыскусіі – ангельская.

У чацвер у Стакгольме – творчая сустрэча з Таццянай Нядбай, кіраўніцай выдавецтва «Полацкія лабірынты» і старшынёй Беларускага ПЭНа. Тут чакае: прэзентацыя поўнага перакладу «Іліяды» Гамера, размова пра твор Ганны Краль «Апярэдзіць Госпада Бога», кнігу «Алесь» – гісторыю Алеся Бяляцкага і нашага сумлення. Размова пра літаратуру як акт сведчання, пра кнігу як форму супраціву, і пра тое, як слова прарастае – нават на выгнанні.

У чацвер Максім Жбанкоў распачынае ў Вільні серыю афлайн-паказаў з уласнага “залатога спісу” беларускага кіно ў галерэйным фармаце пільнага спажывання сэнсаў. Забаронены авангард, постімперскі кураж, анархісцкі безмяжак, магічны рэалізм, дзіцячы попс і змагарская готыка… Невядомае, невідавочнае, незразумелае. Дванаццаць стужак чакаюць на фідбэк. Пачнуць з фільма “Кастусь Каліноўскі” (1927).

Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя