BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У суботу ў Варшаве – вечарына ў падтрымку спявачкі Русі. У лайнапе – Аляксандр Гайковіч, Аляксей Будзько, Kipah і іншыя. Падчас імпрэзы можна будзе зрабіць данат ці набыць мерч.

У суботу ў Вільні – канцэрт памяці Вітольда Ашурка. Праз музыку, словы і памяць ушануюць яго мужнасць, чалавечую годнасць і непахісную веру ў свабоду Беларусі. Выступіць сябар спадара Вітольда, бард з Ліды, цяпер жыхар Познані Сяргея Чарняк. У праграме – аўтарскія песні, вершы і гісторыі, народжаныя ў сяброўстве і супраціве, у любові да роднай зямлі. Гэта будзе цёплая, шчырая сустрэча людзей, для якіх памяць – гэта працяг жыцця.

У суботу ў Любліне граюць спектакль «Транс-Атлантык: Мінск–Люблін” – перфарматыўнае чытанне, натхнёнае ўласным досведам эміграцыі Вітольда Гамбровіча і яго творчасцю. Метафарычная і шматслаёвая мова адкрывае прастору, у якой эміграцыя становіцца ўніверсальнай гісторыяй – не журналістыкай гэтага дня, а гісторыяй страты, пошуку і знаходжання сябе ў новым культурным кантэксце. Гэта сустрэча літаратуры і тэатра, традыцыі і асабістага сведчання.

У суботу ў Варшаве – сямейныя заняткі па кераміцы. Гэта творчы вечар для дарослых і дзяцей ад 3 гадоў, дзе можна разам ляпіць, эксперыментаваць і ствараць з гліны ўсё, што падкажа фантазія – ад маленькай фігуркі да кубачка або падсвечніка. Тэма вольная, таму кожны зможа зрабіць нешта сваё і асаблівае. Усе матэрыялы дадуць – трэба толькі ўзяць з сабой зручнае адзенне.

У суботу беларускі аматарскі тэатр “Nievymoŭnaje” грае ў Кракаве спектакль “Стомлены д’ябал”. Вас чакае фантасмагорыя ў дзвюх дзеях паводле п’есы беларускага драматурга Сяргея Кавалёва. Гэтая гісторыя – вандроўка паміж рэальнасцю і ілюзіяй, дзе Д’ябал ужо не страшны, а хутчэй стомлены назіральнік чалавечых слабасцей. Спектакль закранае пытанні маралі, волі і межаў чалавечай адказнасці – з іроніяй, драмай і нечаканай лёгкасцю.

У нядзелю ў Варшаве – паэтычны вечар. Два акты, восем паэтаў і паэтак, два музычныя выступы. Бадзёрая сумесь дасведчаных удзельнікаў белліт-гульні і маладых авантурыстаў. Сярод паэтаў – Віталь Рыжкоў; Дар’я Бялькевіч; Вашкевіч&Лянкевіч і іншыя. У якасці музыкаў – гурты “Голая Манашка” і “Няміга”.

У нядзелю ў Гданьску – сустрэча “Вершы. Віно. Вінілы”. Літаратурным спецынгрэдыентам імпрэзы стануць вершы гданьскага беларуса Дзмітрыя Дзмітрыева – своеасаблівы каталог гукаў, рухомых скульптур, лялек-аўтаматаў і дзіўных эксперыментаў. Вершы будзе чытаць аўтар. Прафесійны самелье, спадар Алесь падабраў гэтым раз віно з Гішпанскага рэгіёна Ribera del Duero, які яшчэ завуць каралеўствам Tempranillo. Інтэнсіўнасць колеру, магутныя таніны, а разам з тым элегантнасць з’яўляюцца асноўнымі рысамі гатункаў він, якімі напоўняць кілішкі. Музыкай вечара будзе цудоўны соўл, што лёгка пераўтворыць цэнтр Гданьска ў Дэтройт.

Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя