У сераду ў Зальцбургу – паказ монаспектакля “Connection”, прысвечанага беларускім палітвязням і ў прыватнасці Марыі Калеснікавай. Гэта гісторыя пра сувязь, адказнасць і дэмакратыю, якую так лёгка можа страціць.
У чацвер ва Уроцлаве – сустрэча з вандроўцам Аляксандрам Гойшыкам, які аб’ехаў вакол свету за тры гады, два месяцы і адзін тыдзень. Чакаюць падарожныя гісторыі салігорскага Дзеда-Барадзеда. Дарожныя байкі і лайфхакі, незвычайныя знаёмствы і фірмовы рэцэпт ад салігорскага дранік’е.

У чацвер у Беластоку – прэзентацыя кнігі “Раман Скірмунт. Жыццяпіс грамадзяніна Краю” і сустрэча з яе аўтарам, прафесарам Алесем Смаленчуком. Новае палепшанае 700-старонкавае выданне змяшчае новыя факты з біяграфіі прэм’ер-міністра БНР.
У чацвер у Вільні ладзяць прэзентацыю і абмеркаванне даследавання «Як (не) супрацоўнічаюць медыя і НДА». Што тады замінае такому супрацоўніцтву? Якія ёсць бар’еры, запыты і чаканні адно ад аднаго? Як можна ўзмацняць узаемадзеянне? Ініцыятывы ІншыЯ, Razam e.V і БАЖ правялі даследаванне, каб адказаць на гэтыя пытанні. Вынікам сталі рэкамендацыі і парады НДА і медыя адно аднаму пра тое, як можна паляпшаць сітуацыю і ўзмацняць супрацоўніцтва паміж рознымі сектарамі.
У чацвер у Цюрыху чакаецца сустрэча “33 кнігі для іншай Беларусі” – з Ірынай Герасімовіч, Сільвіяй Сасэ і Зміцерам Вішнёвым. Незалежная выдавецкая сцэна ў Беларусі практычна мёртвая. Акцыя «33 кнігі для іншай Беларусі» дазваляе публікаваць кнігі на беларускай мове за межамі краіны. Спікеры падзеі патлумачаць, як гэта магчыма, нягледзячы ні на што. Таксама падчас імпрэзы пройдзе прэзентацыя новага рамана Змітра Вішнёва “Я – тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер”.
У чацвер у Хельсінкі – прэзентацыя і дыскусія “Спатканні пры аўтарытарызме: разуменне блізкасці ў Беларусі пасля Tinder” з антраполагам Андрэем Вазянавым.
Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






