BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У сераду ў Вільні граюць спектакль “Крывавая ноч” да Ночы расстраляных паэтаў. Прыходзьце ўшанаваць памяць беларускіх дзеячаў навукі і культуры, паэтаў і пісьменнікаў, забітых у ноч на 30 кастрычніка 1937 года.

У Познані працягваецца фестываль “Endemity”, прысвечаны літаратуры Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У чацвер чакаецца творчая сустрэча з украінскай паэткай Іяй Ківай. У пятніцу – з украінскімі пісьменнікамі Аляксандрам Мыхедам і Сяргеем Жаданам.

У чацвер у Берліне – дыскусія “Выгнанне – кропка ўцёкаў і развітання. Досвед эміграцыі з Усходняй Еўропы”. На працягу дзесяцігоддзяў Германія была месцам прытулку для многіх людзей, якія былі вымушаны пакінуць сваю радзіму па палітычных прычынах і адправіцца ў выгнанне. Пасля эскалацыі расійскай вайны ва Украіне да іх далучыліся новыя эмігранты з Усходняй Еўропы.

Узмацненне рэпрэсій у Беларусі і Расеі прымусіла іх з’ехаць. Іх лёсы такія ж розныя, як і іх статус пражывання. У Германіі досвед выгнання ўсё яшчэ цесна звязаны з памяццю пра нацысцкую эпоху. Выгнанне – гэта больш, чым уцёкі ад палітычных пераследаў – гэта глыбокі, індывідуальны вопыт, які змяняе і кідае выклік людзям і грамадствам. Тое і прапануюць абмеркаваць. Удзел бяруць: кіруючы дырэктар сеткі Journalists in Need Network з Берліну Сяргей Мядзведзеў, гісторык і даследчык міграцыі з Універсітэту Оснабрука Ёхен Ольтмер, галоўны рэдактар часопіса “Усход-Захад. Еўрапейскія перспектывы Гема Пёрцген і даследчыца з FernUniversität in Hagen Вольга Шпарага.

У чацвер у Вільні адбудзецца другі паказ з “залатога спісу” беларускага кіно ад Максіма Жбанкова. Гэтым разам вас чакае фільм “У агні народжаная” (1929). Забаронены авангард, постімперскі кураж, анархісцкі безмяжак, магічны рэалізм, дзіцячы попс і змагарская готыка. Невядомае, невідавочнае, незразумелае. Патаемнае жыццё беларушчыны ў краіне дзікага палявання. Яго варта пабачыць – каб зразумець сябе.

У чацвер і нядзелю ў Варшаве адбудуцца паказы спектакля беларускага рэжысёра Юры Дзівакова “DOLORES IMPERFECTI”. Вас чакае дзікая, стылёвая ноч у кабарэ. Што такое кабарэ? Гэта невялікая, інтымная сцэна (часта з алкаголем!), дзе спевы, танцы і дасціпнасць пераплятаюцца з вострымі каментарамі пра жыццё. Гэта падарожжа ў глыбіні душы: ці наш лёс прадвызначаны, ці мы можам яго змяніць? Дзяўчаты спяваюць, танчаць, імправізуюць – яны аналізуюць  душы. Будзе прыгожа, будзе жыва. І ў рэшце рэшт, магчыма, вы даведаецеся, ці варта праўда таго, каб знішчыць усё, што вы ведаеце.

У пятніцу ў Сопаце – кінасеанс па-беларуску. Прапануюць глядзець мультсерыял “Па-за садовым плотам” у беларускай агучцы. Дакладней, першы сезон з 10 серый па 10 хвілін. Гэта гісторыя пра двух братоў, якія заблукалі ў таямнічы свет і спрабуюць вярнуцца дадому, сустракаючы вельмі дзіўных і часам страшных персанажаў. Мульт адначасова і цёплы, і атмасферна змрочны, з вельмі прыгожай анімацыяй і дзіўна дарослымі тэмамі. У перапынках паміж серымі будуць пачастункі для ўсіх удзельнікаў. Тэматычныя хэлаўінскія касцюмы вітаюцца.

Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя