У чацвер у Кракаве – сустрэча з пісьменніцай Святланай Курс (Евай Вежнавец). Гаворка пойдзе пра кнігу «Па што ідзеш, воўча?», якая сёлета выйшла ў перакладзе на польскую мову.
У чацвер у Берліне ў межах выставы «Кропка сходу» – творчая сустрэча з мастачкай Сашай Вялічкай. Падчас размовы аўтарка прадставіць свае праекты, якія даследуюць беларускі кантэкст праз тэмы калектыўнай траўмы, кантролю і прапаганды. Удзельнікі даведаюцца пра сучасную Беларусь — як людзі жывуць і супраціўляюцца пры дыктатуры. Размова будзе весціся на англійскай мове.
У чацвер у Беластоку – лекцыя Васіля Калача «Стратэгія і тактыка баявых дзеянняў Паўстання 1863 года на падляшшы, у Літве і Беларусі». Спікер — гістарычны рэканструктар, фехтавальшчык, рэжысёр, акцёр, папулярызатар гісторыі, кіраўнік беластоцкага клуба гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863».
У чацвер у Вільні – прэзентацыя кнігі Цімура Кудзеліча «Значныя Дні». Пісьменнік і кніжнік з Менска цяпер жыве і працуе ў Варшаве. Прыхільнік арганічнага авангарду і літаратуры ўмоўнасці, аўтар кніг прозы «ЯК» і «Пацукі», а таксама паэтычнага зборніка «бяз гэтага — усё». Новы раман «Значныя дні» — гэта захапляльнае падарожжа ў свет, дзе звычайная чыгуначная станцыя «Беларусь» у Заслаўі становіцца цэнтрам неверагодных падзей.

У чацвер – у Вільні, у пятніцу – у Беластоку і ў суботу ў Варшаве грае канцэрт гурт «PyLai». Гурт, раскіданы па розных краінах у выніку рэвалюцыі 2020, урэшце сустрэнецца ў Еўропе і здзейсніць міні-тур па трох гарадах. «Пераслухоўваючы «Гранёны альбом» (2019), ловіш сябе на думцы, што змешчаныя ў ім песні быццам абганялі будучыя падзеі і экзістэнцыйныя пачуцці беларусаў. Пасля выдадзеных у 2020-2022 песень «Мафія», «Женщины не гуляют», «Предатель» у творчасці гурта навісла працяжнае шматкроп’е. Тым не менш насуперак усяму «PyLai» не губляе ані актуальнасці, ані адданых аматараў. У дзвюгадзіннай акустычнай праграме прагучаць раней выдадзеныя і новыя кампазіцыі.

У чацвер гурт «Разбітае Сэрца Пацана» прэзентуе ва Уроцлаве новы альбом «Бо кругом свінарнік, а ты прэкрасней усех». Гэта сапраўдная калекцыя песень пра каханне. Бо што застаецца ў нас без кахання?
У чацвер у Познань прыязджае з гарачым дыджэй-сэтам Папа Бо. Ненасытны драпежнік танцпляцу, ён вярнуўся з чарговага экзатычнага сафары і гатовы падзяліцца здабычай з аматарамі дзікіх вібрацый.
У пятніцу ў Беластоку адбудзецца прэзентацыя кнігі Алеся Белага «Самы Цымус». Кніга змяшчае 15 цікавых нарысаў і некалькі дзясяткаў арыгінальных рэцэптаў. Адкрыеце для сябе неверагодныя стравы беларускай і габрэйскай кухні, пазнаеце іх гісторыю і сакрэты прыгатавання.
У пятніцу беларускія творцы ў Вільні клічуць на новы, красавіцкі Шпакоўнік. Гэтым разам удзел бяруць: акцёр Віленскага старога тэатра, на сцэне якога стварыў каля 40 роляў, Вячаслаў Лук’янаў і гурт «Zui». У музыцы калектыву агрэсіўныя біты спалучаюцца з пяшчотным вакалам, а настальгічны сінтвейв падкрэслівае іронію тэкстаў. У лістападзе 2024 года Zui выпусцілі альбом «Arka».
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя