BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У суботу ў межах фестываля Voices Berlin адбудзецца перфоманс “The ABC of Exclamations” – мастацкай інтэрпрэтацыі беларускага алфавіту, зробленай паэткай Верай Бурлак і яе сынам Кастусём Жыбулем, які жыве з аўтызмам. Разам яны знайшлі эмацыйны вокліч для кожнай літары алфавіту і ператварылі іх ў гісторыі. Тут яны з’ядналі фантастычныя коміксы Кастуся і мудрагелістыя ды смешныя вершы Веры.

У суботу ў Варшаве – паказ фільма Мары Тамковіч “Пад шэрым небам”, натхнёнага гісторыяй Кацярыны Андрэевай. 2020-ы. Ідуць пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, сфальсіфікаваных Лукашэнкам. Журналістка Лена асвятляе жорсткі разгон мірнага сходу. Беспілотнік адсочвае яе, але Лена працягвае сваю працу і яе затрымліваюць.

У суботу ў Вільні – беларускія рок-вячоркі і танцы. Тут чакае прыемны суботні вечар з неўміручымі рок-хітамі Беларусі. Жывы гук ад кавер-бэнду ў постіндустрыяльным сэрцы літоўскай сталіцы.

У суботу ў Гданьску – прэмія імя Ежы Гедройця. Сёлета журы выбірае тры найлепшыя празаічныя або дакументальныя кнігі, выдадзеныя ў 2024 годзе.

У праграме, акрамя самой цырымоніі ўзнагароджання,  – верністаж выставы “Belarus Banned Books”, кірмаш, сустрэчы з аўтарамі кніг, дыскусіі і выступ вакаліста гурта J:Mors Уладзіміра Пугача.

У суботу і нядзелю ў Варшаве –  паказ спектакля “Бежанцы 1915” у рэжысуры Андрэя Новіка. Твор – кранальная гісторыя пра жыхароў усходняй Польшчы, якіх царскія ўлады вымусілі эвакуявацца ўглыб Расіі пасля пачатку Першай сусветнай вайны. У творчым праекце гучаць чатыры мовы: беларуская, польская, руская і мясцовы дыялект з Падляшша.

У суботу беларусы Беластоку ладзяць гарадскую першую гульню “Музычны рынг”. Падзея пройдзе ў ваколіцах і самой галерэі Юравецкай. Зарэгістравацца на гульню можна ў адмысловым тэлеграм-канале: https://t.me/walkinbialystok.

У нядзелю ў Варшаве – майстар-клас па выцінанцы з мастачкай Надзяй Букай. Усе матэрыялы, а таксама гарбата і печыва будуць чакаць вас на месцы.

У нядзелю ў Варшаве – беларускамоўная сямейная імпрэза “Як завесці дыназаўра”. Будзе чытанне кнігі “Як завесці дыназаўра” разам з аўтарам Андрэем Скурко.  А пасля можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класе з ілюстратаркай Воляй Кузьміч і стварыць уласную кнігу пра дыназаўра.

У нядзелю ў Беластоку – адкрытыя заняткі па беларускіх традыцыйных калядных спевах. Вас чакае сустрэча з Вольгай Барышнікавай, даследчыцай-этнамузыкалагіняй, выкладчыцай традыцыйнага спеву, інструменталісткай, лаўрэаткай міжнародных конкурсаў.

Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя