У чацвер блогерка Pakrysie ладзіць анлайн-заняткі беларускай мовы для дарослых. Тэма – “Міфы і праўда пра беларускую мову”.

У чацвер у Н’ю-Ёрку – прэзентацыя п’есы Андрэя Курэйчыка “Пустая ракавінка вайны” з удзелам актрысы Рашэль Ботчан і музыкі Зісла Сляповіча. Гэта гісторыя жанчын з Заходняй Беларусі, якія выжылі ў Халакосце і пераехалі ў ЗША пасля вайны. Будзе таксама сустрэча з Андрэем Курэйчыкам і камандай праекта.
У чацвер у Лодзі – творчая сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Някляевым. Аўтар прэзентуе свае новыя паэмы, распавядзе пра свежыя выданні і адкажа на пытанні аўдыторыі.
У пятніцу ў Таліне – сеанс дакументальнага фільма Волі Чайкоўскай «Not Made For Politics». Фільм паглыбляе ў падзеі 2020 года. Таксама адбудзецца сесія з удзелам рэжысёркі і каманды фільма.
У пятніцу Free Belarus Center ладзіць анлайн-сустрэчу з юрысткай «Рэгістрацыя НДА ў Польшчы». Даведаемся, чым адрозніваецца фонд ад асацыяцыі і якую форму абраць; якія дакументы трэба падрыхтаваць для рэгістрацыі; дзе і як рэгістраваць асацыяцыю. Сустрэчу правядзе экспертка па прававых пытаннях, юрыстка FBC, адвакатка з 17-гадовым стажам Альвіна Мінгазава.
У пятніцу ў Беластоку – кватэрнік на Тутацы, госць якога – салігорскі Дзед-Барадзед, падарожнік, блогер і вулічны артыст, які правёў 1163 дні ў дарозе, наведаў 51 краіну на 4-х кантынентах. Гэта будзе вечар гісторый, гумару, натхнення і подыху вялікіх дарог.
У пятніцу ў Мюнхене грае канцэрт акардэаніст Ягор Забелаў. Артыст вядомы сваім незвычайным падыходам да выканання на акардэоне. Яго музыка – эксперыментальны сплаў акардэённага эмбіента, авангарднага джаза і неакласікі.
У пятніцу ў межах фестываля PANDAwomen ладзяць беларускі дзень. PANDAwomen-2025 – гэта сем пятніц і сем міні-фестываляў, кожны з якіх прысвечаны асобнай краіне. Музыка, перформанс, фільмы, чытанні, лекцыі – і дадатковая праграма, поўная мастацкіх сустрэч і сюрпрызаў. У праграме беларускага дня – паказ фільма «Маладосць па-беларуску» і сустрэча з рэжысёркай Ксеніяй Галубовіч, прэзентацыя праекта «Veha», які адлюстроўвае Беларусь праз міжпакаленчыя сямейныя гісторыі, і сустрэча з яго стваральніцай і куратаркай Лесяй Пчолкай; перфарматыўнае чытанне KROVAZVAROT з Юляй Цімафеевай. А на завяршэнне – канцэрт KOOB S і “Žuravl”, перформанс Анастасіі Рыдлеўскай. Куратарка – Света Бень.
Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя





