У суботу ў межах міжнароднага кангрэсу Асацыяцыі славістаў (ASEEES) у Вашынгтоне адбудзецца імпрэза “Belarus as a Ghost Light: Metaphysical Cabaret” з пісьменніцай Таццянай Заміроўскай і музыкай Алесяй Манькоўскай. Тут чакае сумеснае музычнае чытанне, якое спалучае літаратуру, музыку і перформанс, каб даследаваць Беларусь як “прывіднае святло” на сённяшняй культурнай сцэне.

У суботу ў Варшаве – прэзентацыя першага беларускага спеўніка для дзяцей, створанага на аснове народных песень. Сёлета спаўняецца сто гадоў з часу першага выдання, і “Дзіцячы сьпеўнік” вяртаецца – у новым фармаце, з сучасным дызайнам, каляровымі ілюстрацыямі, тэкстамі на беларускай мове, лацінкай і па-англійску, а таксама з аўдыёдадаткам, каб слухаць і спяваць разам. Вядоўца – Сяржук Доўгушаў. Уваход вольны.
У суботу беларусы Таронта ладзяць кінавечар па-беларуску. Глядзяць фільм “Леон” у беларускай агучцы – культавую драму пра незвычайнае сяброўства, адчай і чалавечнасць у самым нечаканым месцы. Будзе цёпла, утульна і, як заўсёды, па-беларуску.
У суботу ў Лодзі – цёплая суседская сустрэча Таварыства беларускай мовы. У праграме: прэзентацыя ТБМ у Польшчы і суполкі ў Лодзі – раскажуць, чым займаецца Таварыства беларускай мовы, у чым заключаюцца ягоныя мэты, якія ёсць ініцыятывы і як можна далучыцца. Таксама пройдзе акустычны выступ Алеся Дзянісава – шчырыя тэксты, голас і гітара. Жывое выкананне без гучных фарматаў. Атмасфера сустрэчы – сяброўская і адкрытая: пагаворым, пазнаёмімся, паслухаем музыку і проста правядзем добры вечар разам. Уваход вольны.
У суботу ў Вене ў межах фэста “Black Metal Invasion” выступіць пост-блэк-метал-гурт “Dymna Lotva”. “Dymna Lotva” змешвае post black і doom metal з элементамі dsbm і беларускім фолкам.
У суботу ў Варшаве – прэзентацыя фотакнігі Марыі Карнеенка “Rattus Sapiens“. Тут чакае размова з аўтаркай, а таксама з дызайнеркай кнігі Аняй Налецкай-Мілач і камандай выдавецтва TAMAKA.
У нядзелю ў Нью-Ёрку – лекцыя пра Максіма Багдановіча. Падчас сустрэчы Галіна Пазняк падзеліцца сваімі разважаннямі наконт таго, у чым сутнасць генія Максіма Багдановіча; яго творчай індывідуальнасці; як выяўляецца творчае крэда паэта; як ён разумее ролю мастацтва (паэзіі) у жыцці; як спалучаецца “нацыянальнае” і “агульначалавечае” ў яго творчасці. Даведаемся, у чым Багдановіч – першаадкрывальнік; у чым бачыў паэт шчасце; якую ідэю ўвасобіў Уладзімір Мулявін у сваёй праграме “Вянок” і інш.
Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя





