BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У суботу ФШ1 ладзіць анлайн-сустрэчу з фатографам Максімам Сарычавым. Ён працуе над доўгатэрміновымі візуальнымі праектамі на стыку дакументальнай фатаграфіі, журналістыкі і мастацтва. У сваёй практыцы спадар Максім даследуе тэмы гвалту, уразлівасці і эксплуатацыі. Спікер раскажа пра сваю фатаграфічную практыку ў перспектыве апошніх 10 гадоў, пакажа ключавыя персанальныя праекты і нявыдадзеную раней відэапрацу «Таемныя мастакі» аб эканамічнай уразлівасці творцаў і крызісе мастацкай інфраструктуры.

У суботу ў Вільні ладзяць кінамарафон па серыяле “Чарадзей” (1995) у беларускай агучцы. 15-гадовы школьнік Пол Рэйнальдс выпадкова трапляе ў паралельны сусвет, падобны да сярэднявечча. Уладу ў ім трымаюць Чарадзеі – носьбіты старажытных тэхналогій, якія яны выдаюць за магію, каб трымаць людзей у страху і невуцтве. Пол знаёміцца з адважнай дзяўчынай Рыянай. Разам яны спрабуюць знайсці шлях дадому. Іх галоўная суперніца – прагная да ўлады Ашка, адна з самых яркіх антаганістак 1990-х.

У суботу беларусы Каліфорніі збіраюцца на беларускія вячоркі. Тут чакае святочная вячэра з 12 традыцыйных страў – тых, што гатавала бабуля да святаў: верашчака, хатняя каўбаса, кіслыя бліны з мачанкай, наліснікі з творагам і яшчэ шмат смакаты, прыгатаванай беларусамi; напоі: журавінавы морс, хрэнавуха, журавінаўка, вішнёўка. А яшчэ – застольныя спевы, побытавыя танцы і гульні, забавы, шмат пазітыву і інтэрактыву.

У суботу вучні тэатральнага курса BY TEATR граюць у Варшаве спектакль “Wyszło jak wyszło”, напоўнены духам Новага года. Абяцаюць феерыю, выбух эмоцый, нешта па-сапраўднаму неверагоднае, што можа ўразіць і надоўга застацца ў памяці.

У пятніцу, суботу і нядзелю Купалаўцы граюць у Любліне спектакль «Ваўкі» паводле аповесці Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?». Рэжысёр Павел Пасіні засяроджваецца на адной з найважнейшых, але пакінутых па-за агульнай ўвагай тэм кнігі – яўрэйскім пагроме, які разгарнуўся ў адной з беларускіх вёсак. «Ваўкі» становяцца пляцоўкай для размовы пра гісторыю, якая дагэтуль адгукаецца ў сучасным свеце. У спектаклі возьмуць удзел Зоя Белахвосцік, Аляксандр Гарцуеў, Аляксандр Казела, Аляксандр Зелянко і Валянціна Гарцуева.

У нядзелю ў Дрэздэне – прэзентацыя паэтычнага зборніка Юлі Цімафеевай “Кровазварот”. Гэта сямейная гісторыя, расказаная праз паэзію і прозу, у якой аўтарка прасочвае сувязь сваёй беларускай сям’і з Германіяй у 20 стагоддзі. Ад прымусовай працы дзеда ў нацысцкай Германіі да радыяцыйнай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, паэтычнае падарожжа Юлі Цімафеевай праз стагоддзе вядзе праз страты, якія не ведаюць межаў. З дапамогай эмацыйнай мовы яна прасочвае гісторыі сваіх продкаў, якія былі раскіданыя паміж Беларуссю, Канадай і Германіяй. Палітычныя ўзрушэнні сучаснасці становяцца такімі ж адчувальнымі ў гэтай літаратурнай мазаіцы, як і ніколі не загойная рана бяздомнасці. Удзел бярэ перакладчыца Ціна Вюншман. Музычнае суправаджэнне – Вольга Падгайская.

Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя