У нядзелю ў Вільні – сустрэча з філосафам і былым палітвязнем Уладзімірам Мацкевічам. Дзеяч працягвае свой цыкл лекцый пра мысленне і адказнасць, пра грамадства, вайну і мір, пра выбар і будучыню Беларусі.

У нядзелю пісьменнік Уладзімір Арлоў чытае ў Гданьску восьмую лекцыю з цыклу “Жанчыны ў гісторыі Беларусі. Ад Рагнеды да нашых дзён”. Тэма сустрэчы – «Нязломная. Жыццё і творчасць Ларысы Геніюш». Спадар Уладзімір далучыцца анлайн і раскажа ўсё, што вы хацелі ведаць, але баяліся спытаць пра слынных, нязломных і адважных беларускіх жанчын. Лекцыя прысвечана паэтцы, грамадскай дзеячцы. Праз яе лёс і творчасць вы ўбачыце драму эпохі, выпрабаванні рэпрэсіямі і высылкай, але таксама – вернасць мове, народу і ўласнай праўдзе. Пагавораць пра паэзію, якая нараджалася насуперак зняволенню, пра слова як форму супраціву і пра чалавечую годнасць, што не паддаецца знішчэнню. Пасля лекцыі працягнуць размову і абмеркаванне.

У нядзелю ў Познані – сустрэча з вандроўцам і блогерам Яўгенам Гуцалавым. Аднойчы вырашыў прайсці пешшу з Вены ў Стамбул. Так, 2500 км. Так, на нагах. Так, ён жывы. Спадар Яўген падзеліцца асабістай гісторыяй: як і навошта ісці так далёка, што адбываецца з галавой па дарозе і пра тое, што знаходзіш па дарозе, акрамя пункта прызначэння. Будзе жывая размова, гісторыі без глянцу і магчымасць задаць пытанні чалавеку, які дакладна ведае, што такое “доўгі шлях”.
У нядзелю ва Уроцлаве прэзентуе свой дэбютны раман “Пацібулум” тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі. Абяцае эксклюзіўнае кніжнае шоў для інтэлектуальных гурманаў. Тут літары разнявольваюць розум, харызматычны вядоўца дорыць калейдаскоп эмоцый, а на дэсерт – утульны рэлакс сярод сваіх. На вечарыне можна набыць і падпісаць кнігу. А спадарства з VIP-квіткамі атрымае раман ў падарунак.
Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






