У панядзелак беларусы Атланты святкуюць Каляды з Маляванычам і Сержуком Доўгушавым. Іх чакаюць старажытныя гульні, батлейка, калядныя спектаклі, жывы ўдзел у сапраўдным тэатральным дзействе, народныя спевы і танцы. Дрэс-код – вышыванкі, каляднае традыцыйнае адзенне, для дзетак – касцюмы зайчыкаў, буслікаў, лісічак і іншых казачных герояў (вельмі вітаецца!)

У сераду ў Познані ўпершыню грае канцэрт легенда ўсіх магчымых беларускіх сцэн Сяргей Пукст і яго альтэр эга Георгій Дабро. Абяцае арт-панк і гаючую энергію распусты ў адным незабыўным one-man show.
У чацвер у Варшаве грае канцэрт Антон Анішчанка. Кампанію складзе польскі праект Polowanie. Архіўныя галасы, магнітафоны і палявыя запісы сустрэнуцца з трансавай электронікай. Антон Анішчанка — кампазітар электраакустычнай музыкі, якая выкарыстоўвае палявыя запісы беларускіх народных песень. Апошні рэліз Krope створаны ў супрацоўніцтве з этнографкай Ірынай Васільевай. Polowanie — эксперыментальны праект, які спалучае электроніку, імправізаваны вакал і мінімалістычныя тэксты.

У пятніцу ў Батумі святкуе народзіны рэпер Вожык. У праграме: Вожык, ягоны тбіліскі бро Гунар, DJ-set ад Pasha Finsky, свабодны мікрафон і сюрпрызы.
У пятніцу ў Вільні грае акустычны канцэрт Юры Стыльскі, фронтмэн гурта «Дай Дарогу!». Панк-рок з Бярэсця, сумленныя тэксты, непадробная энергія і голас, які ведаюць тысячы, – усё будзе як мае быць. «Дай Дарогу!» – гурт, заснаваны ў 1998 годзе, які выпусціў сем студыйных альбомаў.
У Познані працягваецца выстава Аляксандра Адамава “Гіперрэалістычная Маці”. Куратарка – Лізавета Сцяцко. Хтосьці грукае. Яна ўваходзіць і напаўняе прастору, быццам эфір – мяккі, ахінальны і цёплы. Цяпер ты не мусіш турбавацца. Яна застанецца з табой і возьме ўсё на сябе. Ад гэтай хвіліны, дзе б ты ні зірнуў, яна будзе прысутная. У выставе мастак развівае тэорыю біяпалітычнага інтэрфейсу – сістэмы кругласутачнай падтрымкі, табліц дазіровак і мяккіх кутоў. Гэтая атмасфера апекі далікатна ахутвае, не маючы жорсткай іерархіі, не здзяйсняючы ўлады наўпрост, але ствараючы механізмы добраахвотнага самападпарадкавання. Візуальная камунікацыя – Даша Абібок.
Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






