У сераду — бясплатны анлайн-варкшоп «Гульня — як спосаб матывацыі». Правядзе занятак аўтар і вядоўца курса “Сейбіт Прамовы” Андрэй Саўчанка — прафесійны акцёр і рэжысёр тэатра, які дакладна ведае, як прыручыць страх сцэны, трымаць увагу залі на ўсе 100% і зрабіць кожны ваш выхад незабыўным. Гэта будзе не проста лекцыя, а дынамічная практыка. За 1,5 гадзіны мы разам паспрабуем акцёрскія інструменты на практыцы і навучымся прымяняць іх падчас сваіх публічных выступаў. На занятку вы засвоіце прынцып выкарыстання гульні ў падрыхтоўцы і правядзенні прамовы, атрымаеце практычны досвед выступу ў бяспечнай і прыязнай прасторы, навучыцеся карыстацца інтэлектуальнымі і эмацыйнымі інструментамі акцёра, забераце з сабой класны настрой і зарад натхнення для новых здзяйсненняў.

У сераду кніжны клуб Таварыства беларускай мовы ладзіць анлайн-сустрэчу. Гэтым разам да абмеркавання — зборнік апавяданняў Аляксандра Чарнухі «Гвалт». Гэтая кніга — пра нас: герояў і злодзеяў, правільных і няправільных, тутэйшых і не тутэйшых.
У чацвер у Варшаве – прэзентацыя кнігі Дар’і Ракавай “Я/Мы эміграцыя”. Падобную кнігу можа напісаць любы эмігрант_ка, але гэта будзе кожны раз свая, непаўторная гісторыя. Гісторыя Дар’і такая, што яна прыехала ў Польшчу вучыцца і так сталася, што Польшча цяпер яе дом. У яе свае перажыванні і свае нататкі пра эміграцыю: пра разуменне, што ведаць мову гэта прывілей, пра адзіноту і сум, пра неабходнасць вывучэння мовы ўсім, без выключэння. Кніга мае тэрапеўтычны эфект. Тут ёсць месца і смеху, і плачу, вы дакладна ў нечым пазнаеце сябе.

У чацвер у межах цыклу “Санаторый пад клепсідрай” ладзяць анлайн-размову “Польская дзіцячая паэзія па-беларуску”. Перакладчык дзіцячай паэзіі Андрэй Скурко разам з мадэратарам Андрэем Хадановічам прачытаюць вершы ў арыгінале і ў перакладзе і абмяркуюць наступнае. Чым каштоўная польская дзіцячая паэзія і як можна зацікавіць ёй беларускіх юных чытачоў і чытачак? Чаму адэкватны пераклад можа быць не-даслоўным? Непазбежныя страты і магчымыя знаходкі па дарозе ад арыгінала да перакладу. І не толькі гэта.
Да пятніцы 30-га студзеня ў Коўне – перформанс Аляксандры Трацяковай «Каханне скульптуры». Што адбываецца, калі прага блізкасці ператвараецца ў дзеянне? «Каханне скульптуры» – гэта пяцідзённы перформанс, які доўжыцца па пяць гадзін штодня. Гэта павольны, бесперапынны момант сувязі, які разважае пра еднасць, простую прысутнасць і патрэбу ў абдымках. У пастаянным узаемадзеянні з глінай матэрыял становіцца не аб’ектам, а партнёрам – жывым увасабленнем, праз якое перадаецца прага сувязі і кахання. Аляксандра Трацякова – беларуская скульптарка, чыя практыка сканцэнтравана на ціхіх, інтымных сустрэчах паміж творам мастацтва і гледачом. Досвед эміграцыі раскрываецца ў яе працах праз тэмы адзіноты і адчужанасці.
Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






