У пятніцу ў Вільні – канцэрт, прысвечаны легендзе джазу Соні Ролінзу. У падзеі бяруць удзел артысты, якія прадэманструюць свае ўнікальныя стылі, аддаючы даніну павагі рэвалюцыйнаму майстэрству творцы. Ад яго шчырых балад да энергічных, рытмічных шэдэўраў — праграма ўключыць у сябе некаторыя з самых любімых кампазіцый.

Да пятніцы 30-га студзеня ў Коўне адбудзецца перформанс Аляксандры Трацяковай «Каханне скульптуры». Што адбываецца, калі прага блізкасці ператвараецца ў дзеянне? «Каханне скульптуры» – гэта пяцідзённы перформанс, які доўжыцца па пяць гадзін штодня. Гэта павольны, бесперапынны момант сувязі, які разважае пра еднасць, простую прысутнасць і патрэбу ў абдымках. У пастаянным узаемадзеянні з глінай матэрыял становіцца не аб’ектам, а партнёрам – жывым увасабленнем, праз якое перадаецца прага сувязі і кахання. Аляксандра Трацякова – беларуская скульптарка, чыя практыка сканцэнтравана на ціхіх, інтымных сустрэчах паміж творам мастацтва і гледачом. Досвед эміграцыі раскрываецца ў яе працах праз тэмы адзіноты і адчужанасці.
У суботу ў Варшаве – прэзентацыя выставы «Беларусь. Галасы забароненых кніг», а таксама сустрэча з «забароненым» аўтарам, гісторыкам Алесем Смаленчуком . Прэзентуе выставу старшыня беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай. Алесь Смаленчук прапануе паразважаць на тэму «Забаронена чытаць: чаму ўлады баяцца кніг», паглядзець на забарону кніг як на ўстойлівую палітычную і гістарычную практыку. Чаму кніга застаецца пагрозай для аўтарытарнай улады? Якія тэмы, словы і інтэрпрэтацыі гісторыі выклікаюць найбольшы страх? І што насамрэч стаіць за спробамі забараніць чытанне? Асобнае месца ў размове зойме асабісты досвед аўтара: пад забаронай яго кніга «“Вызваленыя” і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў». Уваход вольны.

У нядзелю беларусаў Вільні клічуць на гарадскі квэст «1863», прысвечаны дню народзінаў Кастуся Каліноўскага. Сёлета лідару беларускага нацыянальнага вызваленчага руху спаўняецца ажно 188 гадоў. Квэст распачнецца ў знакавай карчме 1863 і там жа скончыцца вясёлай паўстанцкай вечарынкай у гонар спадара Кастуся! Каб прыняць удзел, трэба сабраць каманду ад 1 да 6 чалавек, выбраць назву і кіраўніка. Ён мусіць зарэгістраваць каманду. Калі вы без каманды — таксама рэгіструйцеся, можна будзе далучыцца да іншых або прайсці квэст самастойна. Таксама варта добра зарадзіць тэлефон і ўключыць мабільны інтэрнэт. Гугліць не толькі можна, але і трэба. Усе ўдзельнікі атрымаюць сувеніры, а пераможцы — адмысловыя падарункі.
Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






