У суботу спартыўны клуб «Волат» ладзіць у Варшаве адкрытае тэставанне фізічнай падрыхтоўкі. Удзельнічаць могуць усе жадаючыя — дзеці, падлеткі і дарослыя, якія не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў. У праграме: адцісканні, чаўночны бег, падцягванні, пад’ём тулава ды іншае.
У суботу ў Беластоку – творчая сустрэча з паэткай і перакладчыцай Юляй Цімафеевай. Аўтарка прадставіць свае кнігі апошніх гадоў, анансуе новыя выданні, паразважае пра ідэнтычнасць і мову, пра разломы і рост, а таксама ў дзень Чарнобыльскай катастрофы раскажа пра досвед выгнання і (не)вяртання, асабісты і ўласнай сям’і. Мадэратар — пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.
У суботу ў Кракаве грае канцэрт Андрусь Такінданг. Абяцае прэзентацыю новага альбома «Мір і Супакой», а таксама зайграе старыя хіты з рэпертуару «Recha». Да канцэрта далучацца Настасся Хмель (Kriwi, Laleja) і Андрэй Лугін (Znaxtop).

У суботу Купалаўцы граюць у Вільні спектакль «Зэкамерон» паводле твораў Максіма Знака. Гэта пастаноўка, якая балансуе на мяжы рэальнасці і абсурду. Смех скрозь слёзы, трагікамічныя гісторыі, дзе складаная рэчаіснасць ператвараецца ў тэатр жыцця. Гэта пра тое, як людзі знаходзяць сілы жартаваць нават там, дзе, здаецца, жартаў не засталося. Максім Знак асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Ён напісаў свой «Зэкамерон» у камеры папярэдняга зняволення. Купалаўцы Сяргей Чуб і Алег Гарбуз разам з Уладзімірам Пугачам маюць гонар спрычыніцца да творчасці Максіма і падзяліцца сваімі ўражаннямі.

У нядзелю Хор вольных беларусаў «Гук Цішы» дае ў Варшаве вясновы канцэрт. Запрашаюць у музычнае падарожжа праз мовы, краіны і эпохі.
На выходных Света Бень грае ў Берліне спектакль для ўсёй сям’і «Беспрацоўнае дрэва». А пасля спектакля будзе бясплатны сямейны майстар-клас «Дрэва, якое…», заснаваны на ўбачанай гісторыі пра тое, як дрэва вымушана пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё прапрацавала… дрэвам. Яго чакае дарога, напоўненая прыгодамі — то цудоўнымі, то небяспечнымі, а то і абсалютна нечаканымі. У гэтым монаспектаклі выкарыстоўваюцца тэатральныя лялькі і аб’екты, створаныя берлінскай мастачкай Лінай Хесінай.
У нядзелю ў Варшаве – лекцыя Андрэя Лянкевіча «Фатаграфія беларускіх жылых прастор». За апошнія 60 гадоў Беларусь зведала глыбокую і хуткую урбанізацыю, якая змяніла яе дэмаграфічную і культурніцкую структуру. Сёння толькі чвэрць насельніцтва жыве ў сельскай мясцовасці, і многім вёскам пагражае спусташэнне і запусценне. Вясковыя інтэр’еры, адлюстраваныя ў праекце, — не проста «жылыя памяшканні», а сховішчы памяці і традыцый.
У нядзелю ў Варшаве грае канцэрт гурт «Polyn» — праект, у якім музыкі з трыа «port mone» Аляксей Ванчук і Сяргей Краўчанка аб’ядналіся з Іллём Самахвалавым-Чарапко з «Пятлі прыхільнасці». Ідэя калабарацыі — адарвацца ад авангарду, эмбіенту і пост-панку і ствараць нармальны чалавечы поп. Але ж умовы працы над дэбютным альбомам — ад пачатку пандэміi і да пачатку вайны — зрабілі гэты поп горкім, быццам ён змясціў у сябе і тры мінулыя гады, і эмбіент разам з пост-панкам.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






