BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У сераду ў Варшаве – лекцыя кандыдаткі гістарычных навук Святланы Лугаўцовай «Гісторыя штодзённасці: шукаем карані беларускай кухні ў першай палове ХІХ ст.».

Абмяркуюць, чаму неабходна вывучаць гісторыю паўсядзённага жыцця нашых продкаў; якую беларускую кухню мы ведаем – шляхецкую ці сялянскую; ці былі папярэднікі ў знаных літоўскіх гаспадынь Ганны Цюндзявіцкай і Вінцэнты Завадскай; а таксама пазнаёміцеся з раней невядомым комплексам кулінарных рэцэптаў ды «пакаштуеце» стравы шляхецкай кухні пачатку ХІХ ст. Уваход вольны.

У чацвер і пятніцу на Міжнародным кінафестывалі ў Санта-Барбары адбудзецца прэм’ера дакументальнага фільма Волі Чайкоўскай “Not Made for Politics”. Фільм распавядае пра трох беларусак, чые мужы сталі палітычнымі зняволенымі пасля выбараў 2020 года. Адна з іх – Святлана Ціханоўская, якая вылучыла сваю кандыдатуру ў прэзідэнты пасля арышту мужа. Фільм прасочвае, як гэтыя жанчыны пераходзяць ад прыватнага жыцця да бачнага і ўстойлівага кіраўніцтва беларускім прадэмакратычным рухам. Дакументальны фільм таксама разважае пра тое, як палітычны супраціў і рэвалюцыя перажываюцца і дакументуюцца з выгнання, спалучаючы інтымныя назіранні з нядаўняй гісторыяй Беларусі.

У пятніцу Света Бень грае канцэрт у Саарбрукене. Кожны выступ спадарыні Светы нагадвае цёплую размову — глыбока інтымную, напоўненую жывым узаемадзеяннем з публікай і нечаканымі эмацыйнымі зрухамі. Яе песні вар’іруюцца ад сумных да адчайных, ад злосных да гуллівых, ад трагічных да гумарыстычных, ствараючы атмасферу, якая можа нагадваць сяброўскую сустрэчу на кухні, абсурдны маленькі тэатр ці нават закінутую касмічную станцыю — у залежнасці ад таго, як вы іх успрымаеце.

У суботу ў Берліне ў межах кінафестываля Берлінале адбудзецца пітчынг беларускіх незалежных кінапраектаў. Прэзентуюць 3 ігравыя і 3 дакументальныя праекты беларускіх аўтараў на розных стадыях распрацоўкі, што застаюцца ў пошуку прадзюсараў, партнёраў і фінансавання. Адзін кінапраект застаецца ананімным. Наведвальнікі змогуць сустрэцца з камандаю Беларускай незалежнай кінаакадэміі і аўтарамі праектаў у Marriott Hotel, стэнд № 131 з 12 да 18 лютага.

Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя