BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У суботу – анлайн-сустрэча з перакладчыцай і заснавальніцай выдавецтва Grunwald Publishing Вольгай Яноўскай. Пагавораць пра беларускія кнігі, пераклады, выдавецкую справу і культурныя ініцыятывы ў дыяспары.

У суботу ў Вільні граюць супольны валянцінкавы канцэрт Лявон Вольскі і Павел Аракелян. Абяцаюць непаўторны дуэт з песнямі пра каханне, лірычны настрой, які кранае сэрца. Таксама ў суботу ж у Вільні ладзяць шпацыр “Віленскія валянцінкі: рамантычныя гісторыі Вільні” ў падтрымку гэтага канцэрта. Пройдзецеся па цэнтры ды згадаеце рамантычныя і трагічныя гісторыі кахання, якія памятаюць старыя камяніцы і брукаваныя вулачкі гэтага горада.

У суботу беларусы Уроцлава пішуць лісты палітвязням. Пара цёплых радкоў для палітвязняў – гэта тыдні сілы. Ваш ліст – гэта не “ліст у пустэчу”, а дадатковы рэсурс камусьці вытрымаць яшчэ адзін дзень за кратамі і адчуць, што пра яго памятаюць. На сустрэчы вы зможаце выбраць гатовую паштоўку, напісаць некалькі простых, цёплых слоў падтрымкі, даведацца больш пра тое, як дапамагчы палітвязням. Гэта цалкам бяспечна для вас.

У суботу J:МОРС грае ў Варшаве рамантычны канцэрт для ўсіх закаханых. Абяцаюць вечар пра каханне, цеплыню, блізкасць і прыгожыя моманты, якія хочацца запомніць. Вас чакае адмысловая рамантычная праграма, створаная менавіта для гэтага вечара, музычныя госці і тая самая магія, якая ўзнікае толькі тады, калі музыка і пачуцці гучаць у адным рытме.

У суботу тэатр “Эмігрант” грае ў Познані спектакль “Animal Tales”. Твор пастаўлены паводле п’есы амерыканскага драматурга Дона Нігра, якая ў інтэрпрэтацыі тэатральнай трупы “Эмігрант” становіцца экзістэнцыйным кабарэ. Гэта гісторыя пра ўнутраныя дылемы цыркавых жывёл, не так далёкія ад чалавечых маральных дылем. Хто яны? Вандроўная трупа артыстаў ці згубленыя душы, якія спрабуюць сагрэцца ля агульнага вогнішча ў задняй частцы цырка? Цырк, які яны нясуць з сабой – як цяжар ці дом? Як ілюзію ці праўду? Артысты з жывёльнымі інстынктамі ці жывёлы з чалавечымі грахамі?

У нядзелю ў Беластоку ладзяць майстар-клас па пляценні традыцыйных паясоў. Прыходзьце даведацца шмат цікавага пра гэты від рамяства. Будуць размаўляць і разам ткаць. Няважна ці ёсць у вас досвед – важна, што ёсць жаданне.

У нядзелю ў Вільні дае канцэрт, прысвечаны творчасці Адама Міцкевіча аматарскі хор NAVOKAL. У цэнтры праграмы – творы на вершы паэта ў беларускіх перакладах. Гэта вечар пра лірыку і настальгію, пра каханне і тугу па Радзіме, пра Міцкевіча як паэта агульнай культурнай прасторы. Музыка польскіх кампазітараў, беларускае слова і жывы харавы гук сустрэнуцца, каб стварыць камерную, шчырую атмасферу. У праграме таксама – спецыяльна запрошаныя госці, якія дапоўняць канцэрт і зробяць яго яшчэ больш разнастайным.

У нядзелю ў Беластоку адбудзецца прэзентацыя кнігі «Ген мігранта. Пачатак».  Як пераадолець выклікі міграцыі, калі вам за 40? Лайфхакі кансультанта па стратэгічных камунікацыях у фармаце мастацкай прозы. Даведаецеся на сустрэчы з аўтарам Андрэям Эзерыным. Таксама пагаворым пра легендарныя праекты #Будзьма, у якіх удзельнічаў Андрэй: «Шалёныя беларусы», «АдНаК», «У пошуках цмока» ды іншыя.

Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя