У чацвер у Рызе грае канцэрт Iva Sativa – рэперка і спявачка, якая ўвасабляе ў сваёй творчасці жаночую сілу спрадвечных паганскіх каранёў, змешваючы яе з рытмамі drum and bass, хіп-хопу і этнамузыкі.

У пятніцу ў Варшаве грае рамантычны валянцінкавы канцэрт трыа DoLa. Абяцаюць: глінтвейн, канцэрт-перформанс (флейта, скрыпка і фартэпіяна), тэматычныя гульні і афтэпаці. Дзецям да 18 гадоў – толькі ў суправаджэнні дарослых.
У чацвер у Варшаве адкрываецца выстава Дзімы Кашталяна «Старажытная істота». Мастак даследуе ўнутраную псіхалагічную прастору чалавека праз сімвалічныя і эмацыйна зараджаныя вобразы. Ён стварае замкнёныя інтэр’еры, якія нагадваюць сцэны ўнутранага тэатра, дзе сцэны разгортваюцца ізалявана і функцыянуюць як «пакоі свядомасці». Замест таго, каб апавядаць пра падзеі, яго працы фіксуюць эмацыйныя станы. Жывёлы і гібрыдныя істоты выступаюць у якасці фрагментаваных аўтапартрэтаў, адлюстроўваючы ўразлівасць, шчырасць і недасканаласць як натуральныя часткі чалавечага досведу. Праз стрыманую палітру сініх, фіялетавых і ружовых тонаў мастак стварае візуальную мову, сканцэнтраваную на самааналізе, экзістэнцыяльнай напружанасці і адносінах паміж «сапраўдным і «сацыяльным „я“».
У пятніцу ў Вільні граюць містычны спектакль-казку «Чортава дачка». Пастаноўка заснаваная на чарадзейнай частцы беларускага фальклору, у якой існуюць Нячысцікі. Нячысцікі заўсёды ўплывалі на лёс людзей, прапануючы выбар. Але выбар кожны робіць асабіста! Так сталася і з Альгердам. Аўтар і рэжысёр – Сяргей Здаранкоў. Пластыка – Mikiта Біндэрс. Музыка – Leś Nakanavany. Спектакль ідзе на беларускай мове.
У пятніцу ў Беластоку грае канцэрт Кацярына Ваданосава. Ёсць імпрэзы «каб паслухаць». Ёсць – «каб патанчыць». А ёсць – каб нагадаць сабе, хто ты і адкуль у цябе гэты голас унутры. Менавіта такім будзе канцэрт Кацярыны Ваданосавай і яе бэнда: музыкі ажывяць легенды і раскажуць песні-казкі, у якія хочацца верыць. Не «пад фальклор» і не музейна: сучасна, з нервам – так, што словы трапляюць у самую дакладную кропку. Прыйсці можна стомленым – а выйсці сабраным.

У пятніцу ў Познані граюць канцэрт Akvaleria & T-Trider. Беларускі дуэт, які пераасэнсоўвае аўтэнтычныя беларускія песні праз сучаснае электроннае гучанне. У аснове – Drum’n’Bass, Breakbeat і іншыя жанры электроннай музыкі. Akvaleria – спявачка, кампазітарка і вакальная выкладчыца, вядомая па гуртах Kriwi, Harotnica Mix і Leibonik. T-Trider – саўнд-прадзюсар і дыджэй з больш чым 20-гадовым досведам.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






