BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У аўторак у Беластоку – фінал V Дэкламатарскага конкурсу да Дня роднай мовы. Сёлета арганізатары атрымалі каля сотні заявак з Польшчы, Беларусі, Літвы, ЗША, Ізраіля і Іспаніі. Фіналісты ўжо вызначыліся.

У журы гэтым разам – журналіст Аляксей Дзікавіцкі, рэжысёр Антон Ільін, актрыса Марыя Чыквін, журналістка Ганна Кандрацюк-Свярубская. Апроч уласна спаборніцтва дэкламатараў у праграме – лялечны спектакль “Брыдкае качаня” ў выкананні Тэатра Czrevo: гэта кранальная падляшская версія казкі Х. К. Андэрсэна, расказаная з пункту гледжання маці. Уваход вольны.

У сераду кніжны клуб Таварыства беларускай мовы ладзіць анлайн-сустрэчу. Гэтым разам абмяркуюць творы Васіля Быкава “Аблава” і “Афганец”.

У сераду ў Варшаве – лекцыя доктара гістарычных навук Віктара Шадурскага «Еўрапейскі выбар Беларусі: выклікі і перспектывы». Прапануюць абмеркаваць знешнепалітычны выбар, які рэалізуе аўтарытарны рэжым, а таксама альтэрнатыўныя знешнепалітычныя прыярытэты, што прапануюць беларускія дэмакратычныя сілы. Будзе прадстаўлены аналіз грамадскай думкі беларусаў па пытаннях знешняй палітыкі, у тым ліку адносна еўрапейскага вектара, а таксама разгледжана месца і роля сучаснай Беларусі ў агульнай знешняй палітыцы Еўрапейскага саюза.

У чацвер у Вільні ў межах кніжнага кірмашу адбудзецца сустрэча з пісьменніцай Святланай Курс (Евай Вежнавец) і прэзентацыя літоўскага перакладу яе аповесці «Па што ідзеш, воўча?». Акрамя аўтаркі ў імпрэзе возьмуць удзел літаратурная крытыкеса Віргінія Кульвінскайтэ-Цыбараўске і перакладчыца «Па што ідзеш, воўча?» на літоўскую мову Юргіта Яспанітэ-Бурокене. Будзе сінхронны пераклад. Таксама ў праграме – аўтограф-сесія.

У чацвер ва Уроцлаве – новая сустрэча “Мовы нанова”. У гасцях – дудар Яўген Барышнікаў. Тэма лекцыі – “Дуда: кароткая гісторыя нацыянальнага сімвала”. Пагавораць пра тое: як музычны інструмент сялянства становіцца нацыянальным міфам; як пры дапамозе дуды ствараецца зямля і перамагаецца Змей; пры чым тут Караткевіч і Макдональдс; як зразумець, што адраджэнне атрымалася.

У чацвер у Коўне адбудзецца сустрэча з лідарам Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, былым палітвязнем, пісьменнікам Паўлам Севярынцам. Абмяркуюць:  як зрабіць Беларусь вольнай; ці хутка мы вернемся; што такое «каманда мары» па-беларуску; чаму Бог дапускае такое; Верым? Можам? Пераможам? Гэта будзе жывы дыялог пра шлях, веру, адказнасць і надзею — у атмасферы салідарнасці.

У пятніцу ў Берліне адбудзецца адкрыццё выставы лаўрэатаў мастацкай прэміі Neuköllner і ўзнагароджанне. Сярод намінантаў – беларускі мастак Уладзімір Грамовіч. Уваход вольны. Выстава працуе да 19 красавіка.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя