BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У панядзелак Reforum Help ладзіць вебінар «Францыя: гуманітарная віза, уцякацтва і сацыяльная падтрымка». Вы даведаецеся, у якіх выпадках можна атрымаць гуманітарную візу, як праходзіць працэдура ўцякацтва ў Францыі, якія віды сацыяльнай падтрымкі даступныя заяўнікам і як іх аформіць. Можна будзе задаць і свае пытанні. Вядучыя — Вольга Слесарава, юрыстка Reforum Help, а таксама прадстаўніца асацыяцыі Russie-Libertés, якая дапамагае з афармленнем гуманітарных віз. Мовы — беларуская, руская.

У панядзелак у Гаазе – сустрэча «Салідарнасць з Беларуссю і ўрокі ўстойлівасці». Удзел бярэ Нобелеўскі лаўрэат і праваабаронца Алесь Бяляцкі і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Як грамадзянская супольнасць можа працягваць абараняць правы чалавека, калі рэпрэсіі становяцца нормай? І якую ролю могуць адыграць міжнародныя партнёры ў тым, каб барацьба за свабоду не была забытая? Тое і абмяркуюць.

У аўторак Купалаўцы ладзяць у Варшаве прэм’еру спектакля “Мінскае мора”. Пасля смерці Капітана ягоныя сваякі збіраюцца на лецішчы, каб ушанаваць памяць памерлага. Сярод іх з’яўляецца і ягоны брат – афіцэр КДБ у адстаўцы. Здавалася б, звычайная размова хутка выходзіць з-пад кантролю, выкрываючы балючыя таямніцы. Зайздрасць, страх і прага помсты пераплятаюцца ў душнай атмасферы памінак. Усё гэта гадамі збіралася ў тэчцы, поўнай даносаў – скрупулёзным архіве чалавечых слабасцяў. У гэты дзень у магілу паклалі не толькі Капітана, але і ілюзію шчаслівай сямʼі. П’еса натхнёная базай даносаў у КДБ, якую апублікавалі „Кіберпартызаны” ў 2024 годзе. Аўтар п’есы – Ілля Пруднік. Рэжысёр – Войцах Урбаньскі. Аўтар музыкі і песень – Лявон Вольскі. У ролях: Зоя Белахвосцік, Алег Гарбуз, Валянціна Гарцуева, Зміцер Есяневіч, Міхась Зуй.

У аўторак у Варшаве – вялікодны майстар-клас па вырабе абярэга-павука з дызайнеркай Настай Васючэнкай, заснавальніцай folk fashion брэнда KANVA. Прапануюць гутарыць, піць чырвонае віно і плесці свой уласны хатні абярэг. Перад майстар-класам фалькларыстка Алена Ляшкевіч распавядзе, як святкавалі Вялікдзень у беларускіх вёсках і навошта да гэтага дня рабіць павука. Вы даведаецеся: што яшчэ, акрамя павука, трэба падрыхтаваць да Вялікадня; хто такія валачобнікі і жакі, навошта яны хадзілі і што спявалі; чаму на Вялікдзень водзяць карагоды ды іншыя цікавосткі. Усе матэрыялы прадастаўляюцца.

У аўторак комікі Ідрак Мірзалізадэ, Міхась Ільін і Паша Крывец ладзяць новыя «Гутаркі» з запісам на ютуб. Гэта забаўляльна-імправізацыйнае шоу пра тое, што хвалюе комікаў і ўсіх нас. Абмяркуюць з гумарам і на беларускай мове.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя