BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У панядзелак у Варшаве – велікодны канцэрт бізантыйскага хору «Артос» Канстантынопальскага патрыярхату ў Вільні пад кіраўніцтвам Паўла Гонца. Хор прадставіць унікальную праграму з бізантыйскіх і грэгарыянскіх харалаў — два падмуркі еўрапейскай сакральнай музыкі.

Прагучаць літургічныя спевы па-беларуску, па-грэцку і па-лацінску, якія на працягу стагоддзяў напаўнялі скляпенні базылік і манастыроў. Бізантыйскі хор «Артос» — адзін з творчых праектаў легендарнага беларускага мужчынскага хора «УНІЯ», заснаванага ў Менску ў 1990 годзе. Сёння хор базуецца ў Вільні, а ў яго складзе спяваюць беларусы, літоўцы і ўкраінцы.

У Кракаве працуе выстава «Беларускія мастакі ў выгнанні». Удзел бяруць Вольга Якубоўская, Таццяна Савіч, Ірына Хвайніцкая, Наталля Борд, Яраслаў Кірвель, Вольга Сіліванчык і іншыя. Гэта візуальны дыялог пра траўму страты, досвед выгнання, памяць, супраціў і пошук новай ідэнтычнасці. Праект прадстаўляе мастацтва як форму сведчання і выказвання – як асабістага, так і калектыўнага. Графіка, жывапіс і змяшаныя тэхнікі становяцца спосабам гаварыць пра свабоду, межы, крохкасць і чалавечую сілу ва ўмовах палітычнага і сацыяльнага ціску.

Працуе выстава да 19 красавіка.

У Вільні ладзіцца фотавыстава Ірыны Сухій «Вылучанае. Забытае». 1987, Вільня: кірмаш Казюкас, твары мінакоў, рэчы на прылаўках, прадметы побыту. Гэтыя фотаздымкі – фрагменты часу, візуальныя сляды, якія раствараюцца ў патоку гарадскога жыцця. Аўтарка не памятае абставін фатаграфавання – ні прычын, ні маршрутаў, ні размоў. Страта асабістых каментарыяў пакідае гледачу чысты вобраз. Пры адсутнасці памяці ёсць прастора для інтэрпрэтацыі: кожнаму твару можна надаць гісторыю, кожнаму жэсту – сэнс. Гэтыя здымкі не прэтэндуюць на тое, каб быць хронікай. Яны фрагментарныя, часам інтуітыўныя, часта імпульсіўныя – як візуальны дзённік без тэксту. Сёння яны чытаюцца як дакумент эпохі, хоць у момант фатаграфавання яны, хутчэй за ўсё, былі проста фіксацыяй прысутнасці, жэстам назірання. Выстава працуе да 12 красавіка.

Ва Уроцлаве адбываецца выстава акварэляў Вольгі Навіцкай «Жыццё дзвюх рэк. Бярэзіна і Бярэзіна Заходняя».

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя