У сераду Цэнтр Новых Ідэй прэзентуе анлайн вынікі даследавання «Як беларуская моладзь адаптуецца да нявызначанасці». Беларуская моладзь сёння жыве ў свеце, дзе нявызначанасць стала новай нормай. Як гэта ўплывае на іх выбар, планы і жыццёвыя стратэгіі? Падчас сустрэчы абмяркуюць: як моладзь адаптуецца да крызісу; што адбываецца з планамі на будучыню; ці гатовыя маладыя беларусы і беларускі з’язджаць або заставацца. Даследаванне прэзентуе Дар’я Урбан, кіраўніца даследаванняў ЦНІ. У дыскусіі таксама возьме ўдзел незалежны сацыёлаг Максім Кудрэвіч. Мадэратар — Антон Раднянкоў, старшыня Рады ЦНІ.
У сераду ў Вільні – прэм’ера дакументальнага фільма «Bialiatski / Unbroken», прысвечанага праваабаронцу, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму.

Праз успаміны блізкіх і паплечнікаў раскрываецца не толькі ягоная барацьба з аўтарытарнай сістэмай, але і асабістае — падтрымка, любоў і салідарнасць. Асобная частка фільма знятая ў Вільні — тут зафіксаваныя першыя дні волі Бяляцкага пасля доўгай разлукі з сям’ёй. Пасля паказу адбудзецца дыскусія з камандай фільма.
У чацвер у Берліне – перформанс #freemaria з удзелам Марыі Калеснікавай. У цэнтры перформансу — унутраная свабода, годнасць і адказнасць за ўласныя рашэнні.

Праект распавядае пра нязломнасць, пра любоў да сям’і і краіны, пра сілу духу — сілу, якая можа заставацца свабоднай нават пад знешнім ціскам. #freemaria злучае асабісты досвед Марыі Калеснікавай з філасофскімі роздумамі. Магчыма, мастацтва не выратуе свет, але яно можа даць людзям сілу і прынесці выратаванне. Марыя Калеснікава хоча падзяліцца гэтым разуменнем з вамі.

У пятніцу ў Лодзі адбудзецца сустрэча «Мова Нанова». Тэма — штучны інтэлект. Госці — вядоўца «Мова Нанова» ва Уроцлаве Эмілія Гаўрус і праграміст і блогер Аляксей «АйЦіБарада» Картыннік. Будзе моўная частка пра сучасную беларускую мову ў IT, шмат карыснай інфармацыі пра нейрасеткі і тое, як з імі працаваць. Пагавораць пра магчымасці і абмежаванні ChatGPT, а таксама пра этычныя пытанні і будучыню ШІ.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






