BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У панядзелак, 28 красавіка, у Варшаве грае народзінны дабрачынны канцэрт Алесь Дзянісаў.

У праграме — хіты гурта «Dzieciuki», душэўныя аўтарскія песні, а таксама выступ адмысловага госця — Алеся Яшчанкі. Сабраныя сродкі перададуць на падтрымку дзейнасці Беларускай Асацыяцыі Палітвязняў «Да Волі».

У Варшаве ж у панядзелак – першы сольны канцэрт гурта NOCHY. Ладзяць яго ў фармаце Inside Concert.

У Вільні завяршаецца выстава Антося Дэнько «Мы не хворыя, мы не святыя».

«Кожны й кожная з нас — асоба: з асаблівасцямі, з недахопамі, са здольнасцямі і думкамі. Усё, што нас акружае, што мы адчуваем, ад чаго атрымліваем асалоду ці пакутуем, — робіць нас людзьмі. Быць чалавекам можа быць так вычарпальна, самотна, дзіўна. Гэтая выстава распачынае цыкл з вывучэння асаблівасцей людзей і іх залежнасцей, мэтай якога з’яўляецца адлюстраваць ўсё тое, што робіць нас людзьмі, і не саромецца гэтага», — кажа мастак.

У Празе працягваецца выстава Анастасіі Мясніковай «Доўгая ноч». Кожны год спадарыня Анастасія збірае ўсе свае апошнія працы ў адным месцы. Гэтым разам будуць прадстаўлены карціны, эскізы і, магчыма, нават відэапрацы. Беларуская мастачка ужо 10 гадоў жыве ў Празе. Яна спецыялізуецца на жывапісе алеем і змяшанай тэхніцы (канструкцыі з кардона і мантажнай пены, вышыўка). Яе творы — гэта магічны рэалізм, уплеценыя ў эстэтыку штодзённасці. Выставу можна наведаць да 15 траўня па папярэднім запісе.

У Беластоку – выстава «Радуніца». Яна прысвечана памінальным традыцыям Падляшша і Палесся. 30 красавіка ў рамках падзеі чакаецца лекцыя Гражыны Харытанюк-Міхей «Як адзначаюць Радаўніцу?»

У Вільні ладзіцца мультымедыйная выстава Аляксандра Ката-Зайцава «DOM». Праз аналагавую фатаграфію, гук, калаж і фільм, аўтар паглыбляецца ў эмацыйнае і псіхалагічнае падарожжа постсавецкіх імігрантаў і іх складаныя адносіны з паняццем «дом» у еўрапейскім грамадстве. Тое, што пачалося як асабістае даследаванне, перарасло ў разважанне пра ідэнтычнасць, прыналежнасць і выгнанне. Працуе імпрэза да 23 траўня.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя