BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У пятніцу, 2 траўня, у Сан-Францыска ладзяць сустрэчу з акторамi фiльма «Купала». Артысты раскажуць пра тое, як здымалася карціна, і пакажуць ўнікальныя фоты і відэакадры са здымак.

Таксама нас чакае гутарка па відэасувязі з выканаўцам галоўнай ролі Янкі Купалы, які жыве ў Рызе (Латвія). Напрыканцы пакажуць кароткаметражны фільм па вершы Янкі Купалы «А хто там ідзе?»

У суботу ў Варшаве раздае ранішні сэт Папа Бо.​ Як распавядаюць арганізатары, артыст падасць такі экзатычны электронны гук, што нават ёгі не змогуць стаяць, сядзець ці ляжаць нерухома: ногі будуць рухацца самі па сабе, калі наладзіцеся на яго частату. Фармат — ціхі дыска-клуб: калі звонку ўсё выглядае ціха, а ўнутры — сапраўдны карнавал.

У суботу ў Хельсінкі – сустрэча з кіраўніцай Беларускага ПЭН-клуба Таццянай Нядбай і журналісткай Ідай Сімс. Абмяркуюць свабоду выказвання меркаванняў, беларускіх палітычных зняволеных і творчасць Святланы Алексіевіч. Дыскусія з’яўляецца часткай серыі падкастаў пра творы, напісаныя жанчынамі, любімымі і паважанымі класікамі.

У суботу ў Гданьску – прэзентацыя кнігі Цімура Кудзеліча «Значныя Дні». Пісьменнік і кніжнік з Менска цяпер жыве і працуе ў Варшаве. Прыхільнік арганічнага авангарду і літаратуры ўмоўнасці, аўтар кніг прозы «ЯК» і «Пацукі», а таксама паэтычнага зборніка «бяз гэтага — усё». Новы раман «Значныя дні» — гэта захапляльнае падарожжа ў свет, дзе звычайная чыгуначная станцыя «Беларусь» у Заслаўі становіцца цэнтрам неверагодных падзей. У творы спалучаюцца рэалістычнае і фантазійнае, гратэск і гіпербалы, а мова аповеду парушае звыклыя правілы.

У суботу ў Беластоку граюць супольны канцэрт Алесь Дзянісаў («Дзецюкі») і Алесь Яшчанка («Міністэрства любові»). Рыхтуюць свае найлепшыя хіты, у тым ліку знакавыя песні, якія растопяць сэрцы. Нязмушаная атмасфера, шчырыя размовы і добры настрой. Уваход вольны, данаты вітаюцца.

У суботу ў Познані грае канцэрт Mustelide. Электронная артыстка і аматарка сінтэзатараў пераехала з Менска ў Берлін, дзе даследуе межы паміж Усходам і Захадам. Яе творчасць — спалучэнне авангарднага попу і танцавальнай музыкі з выкарыстаннем аналагавых сінтэзатараў, палявых запісаў і вакалу. Mustelide ператварае гучанні розных рэгіёнаў і эпох у формы, адначасова дзіўныя і знаёмыя, ствараючы фонавае палатно з электрабітаў, натхнёных сінтпопам 1980-х і 1990-х гадоў, і ўласнага жывога вакалу на апаратуры.

У нядзелю, 4 траўня, Хор вольных беларусаў «Гук Цішы» дае ў Варшаве вясновы канцэрт. Запрашаюць у музычнае падарожжа праз мовы, краіны і эпохі.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя