BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У суботу, 10 траўня, у Варшаве – сустрэча з цыклу «Кава з гісторыкам». Тэма — «Антрапалогія акупацыі: ІІ Сусветная вайна вачыма беларускіх вяскоўцаў». Пагавораць пра тое, як вайну бачылі і перажывалі жыхары беларускіх вёсак — як успрымалі людзей са зброяй, каго з іх называлі добрымі, а каго — злымі. Даведаемся, як у іх успамінах выглядаюць Халакост, калабарацыя і супраціў. Лектар — гісторык, доктар навук Уладзімір Лобач.

У суботу ў Варшаве – сустрэча кніжнага клуба пад кіраўніцтвам пісьменніцы тоні лашдэн. Абмяркуюць кнігу Рэбекі Кван “Елаўфэйс” – сатырычны раман, які падсвечвае пытанні расізму. Сапраўдны трылер, дзе ёсць месца і злачынству, і пакаранню, і культуры адмены. Падчас падзеі абмяркуюць, як і чаму была створана гэта кніга, якія тэмы яна ўздымае праз сваю галоўную гераіню і чаму варта чытаць яе па-беларуску. Акрамя гэтага, разбяруць, як працуе трылер як кніжны жанр.

У суботу ў Варшаве граюць супольны канцэрт гурты “Sož” і “People of Pangea”. People of Pangea – каманда, якая сабрала музыкаў з трох кантынентаў, грае нешаблонны нео-гранж. Sož – калектыў, які злучыў музыкаў з трох раёнаў Гомеля. Добра грае злы электрапостпанк.

У суботу комік Міхась Ільін запрашае на свой сольны стэндап “Дзякуй” з запісам на ютуб. Чаму варта пайсці? Адказвае ChatGPT: “Бо гэта не проста камедыйнае шоў. Гэта першы беларускамоўны стэндап-канцэрт, які трапіць у інтэрнэт. І ты можаш быць там, калі ўсё пачынаецца. Ты пачуеш жарт пра сябе – нават калі ён пра Міхася. Гэта канцэрт пра тое, што баліць, радуе, раздражняе і ратуе. Ты не трапіш у кадр. Але трапіш у гісторыю. Прыходзь. Бо такога яшчэ не было. І таму  дзякуй!”

У нядзелю, 11 траўня, акцёр Алесь Ждановіч грае ў Варшаве спектакль «Батлейка-Шагал». Гэта пастаноўка, дзе традыцыйны беларускі лялечны тэатр сустракаецца з чараўніцтвам жывапісу Марка Шагала.

Тут танчаць анёлы і пеўні, а гісторыі з жыцця і творчасці Шагала ператвараюцца ў жывое дзейства з інтэрактывам. Гэта шчыры, кранальны і светлы адказ на пытанне: як захаваць надзею і мары нават у самыя цяжкія часы.

У нядзелю тэатральная суполка Inexkult ладзіць чытку п’есы Мішэля дэ Гельдэрода «Эскарыяль». Удзел бяруць: Мікалай Стонька, Ігар Сігоў, Пётр Непагода.

У Празе працягваецца выстава Анастасіі Мясніковай «Доўгая ноч». Кожны год спадарыня Анастасія збірае ўсе свае апошнія працы ў адным месцы. Гэтым разам будуць прадстаўлены карціны, эскізы і, магчыма, нават відэапрацы. Беларуская мастачка 10 гадоў жыве ў Празе. Яна спецыялізуецца на жывапісе алеем і змяшанай тэхніцы. Яе творы — гэта магічны рэалізм, уплеценыя ў эстэтыку штодзённасці.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя