У пятніцу ў Празе – круглы стол «Беларуская будучыня — еўрапейская». Сярод галоўных тэм для абмеркавання: еўрапейскі курс Беларусі, абарончыя ініцыятывы дэмакратычнай Беларусі і іншыя.

Таксама ў пятніцу, але ў Вільні грае канцэрт беларуска-аўстралійскі дуэт «Котра»: Алена Кандыба і Морган Маруціа. Музыкі ўпершыню сустрэліся летась у Вільні і распачалі калабарацыю. «Котра» грае традыцыйную беларускую, літоўскую, украінскую і польскую музыку, як для танцаў, так і для слухання.
У суботу ў Вільні ладзяць шпацыр «Her-story альбо Жанчыны Вільні». Звычайна гісторыя апісваецца як свет мужчын, але дзе ж у гэтым апісанні жанчыны? Прапануюць выправіць гэты хіб. Падчас экскурсіі нас чакаюць гісторыі выбітных літаратарак, мецэнатак, удзельніц паўстанняў і грамадскіх дзяячак.
У суботу спартыўны клуб «Волат» ладзіць у Варшаве прэзентацыю турыстычнага клуба. У праграме: тэорыя + практыка = як выглядае навучанне ў турклубе, майстар-класы і конкурсы, карысная інфармацыя пра турклуб і падарункі.
У суботу ў Варшаве – прэзентацыя кнігі «Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020-га». Зборнік складаецца з 25 эсэ студэнтаў і студэнтак, у якіх маладыя людзі распавядаюць пра свой досвед удзелу ў пратэстах, пра затрыманні, катаванні, траўмы і вымушаную эміграцыю.
У суботу ва Уроцлаве — сустрэча «Мовы нанова». Госць — журналіст і пісьменнік Аляксандр Чарнуха. Ён прэзентуе сваю новую кнігу «Гвалт», якая стала бестселерам.
У суботу ў Лодзі ладзяць прэзентацыю кнігі Макара Валынкіна «Апошняе пакаленне». Гэта дэбютная аповесць пра менскую моладзь, якая жыве звычайным жыццём у новых рэаліях. Падзею правядзе аўтар кнігі.
У суботу бард з Магілёва Аляксандр Баль грае у Вільні канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму дню рок-н-ролу і Дню касманаўтыкі. Творчасць Аляксандра Баля — гэта спалучэнне глыбокай філасофіі і лёгкага гумару, адлюстраванне розных граняў нашага жыцця.
У суботу ў Варшаве грае канцэрт гурт :B:N:. Прэзентацыя новага альбома «20+». Кампанію складзе ANASTAZJA Z MARIUPOLA.
У суботу Уладзімір Пугач разам з гітарыстам гурта Сяргеем Шчурко зайграюць у Бруселі адмысловую акустычную праграму. Абяцаюць самыя вядомыя і любімыя песні і лямпавую атмасферу.
У суботу праект Светы Бень і Сяргея Навіцкага WTBSK грае канцэрт у Берліне. Гэты праект з’явіўся на сцэне ў Віцебску якраз ў дзень нараджэння горада. Але асноўным месцам дзейнасці стаў Берлін.
Гэтымі выходнымі Цэнтр Беларускай Культуры ў Беластоку запрашае на тэатральны майстар-клас «СкачОК». Тут чакаюць: акцёрскія тэхнікі, практыкаванні на зняцце эмацыйнага напружання, праца з целам і голасам для ўпэўненага самавыяўлення, імправізацыя.
Гэтымі выходнымі Дзяніс Дудзінскі запрашае на свае творчыя вечары ў Вільні.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!






