BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі на гэтым тыдні

У панядзелак у Вільні распачнуцца афлайн-сеансы кінафэста «Паўночнае ззянне». 4 лістапада глядзім «Песні Зямлі» – фільм адкрыцця, дзе на вялікім экране разам з татам рэжысёркі мы выпраўляемся ў казачнае падарожжа па некранутых кутах прыроды Нарвегіі.

5 лістапада – «Працэсы», зборнік сатырычных навел Андрэя Кашперскага пра мінулае, сучаснае і будучае Беларусі, даведзенае да абсурду.

6 лістапада – праграма беларускіх кароткаметражак: «Непажаданае сваяцтва» — даследаванне сістэмнасці ​​ваенных злачынстваў ва Украіне і ўласнай адказнасці кожнага за вайну; «Чамадан» — заснаваныя на бытавых дробязях драматычныя сведчанні маладых людзей, вымушаных у фатальны час войнаў і рэпрэсій прымаць вокамгненныя рашэнні наконт сваёй будучыні; «Скрозь святло» — меладрама, дзе нацыянальная траўма суседнічае з барацьбой жанчыны за свае правы.

«Кут чужога шчасця» — актуальная стужка, якая раскрывае тэму хатняга гвалту ў беларускіх рэаліях.

«Кроў і караоке» — «жамчужына» аб сіле насмешлівага лёсу ад меланхалічнага паэта Юрыя Сямашкі.

У Познані працягваецца выстава Надзі Саяпінай «Pokuć». Падзея ​​даследуе пошук беларускай ідэнтычнасці ў стане выгнання, міграцыі і каланізацыі. Яна падкрэслівае, як бясконцы пошук «беларускасці» становіцца рысай беларускага самавызначэння. Цэнтральнае месца ў праекце займае кут — візуальна-семантычны сімвал са шматграннымі сэнсамі. Мастачка звяртаецца да даследавання беларускай літаратуры і народнай культурнай традыцыі, бярэ інтэрв’ю ў дзеячаў і дзяячак беларускай культуры ў выгнанні і стварае выказванне, прадстаўленае серыяй малюнкаў, арт-аб’ектамі і відэаперформансам. Працуе выстава да 15 лістапада.

У аўторак ва Уроцлаве — паэтычны вечар памяці з Андрэем Хадановічам, паэтам, бардам, перакладчыкам. Прыходзьце ушанаваць творчасць паэтаў розных народаў, чые вершы сталі важнымі не толькі для іх суайчыннікаў, але і для міжнароднай супольнасці аматараў паэзіі.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя