У пятніцу, 11 кастрычніка, у Варшаве – сустрэча з блогеркай Ксюшай Тырсікавай на тэму працы з пярэчаннямі ў мастацтве.

Размова пойдзе пра тое, што такое сучаснае мастацтва, навошта яно патрэбнае, як яно дапамагае нам станавіцца лепшымі і дзе шукаць яго ў Варшаве. Таксама абмяркуюць сістэму арганізацыі працэсаў і трэнды ў мастацтве на сёння.
У Лондане ў пятніцу адбудзецца сустрэча з Марыяй Яфімавай, сяброўкай галоўнай управы Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы (АВА).
Спікерка распавядзе пра АВА, буйную і актыўную арганізацыю для каардынацыі і ўзаемадзеяння беларускіх суполак і праектаў у ЗША, якая праяўляе сябе ў самых розных сферах — палітычнай, культурніцкай, спартовай і больш.
У суботу, 12 кастрычніка, суполка «Іншыя» ладзіць у Вільні калажную майстэрню «Зазірні ў сябе». На ёй разбяруць эмоцыі, страхі, думкі з дапамогай паперы і колеру. Кожны зможа стварыць калаж па адной з тэм: асабістыя межы, сацыяльны ціск, самапрыняцце і многае іншае.
У Вільні ў суботу адбудзецца прэзентацыя першага тома кнігі Паўла Валатовіча «#IMBY. 1991-2005».

Будзе і сустрэча з аўтарам. Кніга расказвае найноўшую гісторыю Беларусі праз асабістыя ўспаміны аўтара: артыкулы ў газетах, кнігі, спартыўныя матчы, канцэрты і музычныя альбомы, мітынгі, надпісы на сценах і ўлёткі на слупах, грошы, дакументы і іншае.
У Беластоку ў суботу гурт «:B:N:» зайграе канцэрт. Восенню гурт будзе святкаваць юбілей! З гэтае нагоды музыкі падрыхтавалі праграму з новых песень і старых добрых хітоў.
У суботу, 12 кастрычніка, у Лондане адбудзецца прэм’ера спектакля «Крэмулятар» паводле рамана Сашы Філіпенкі. Кніга – гісторыя лётчыка і белагвардзейскага афіцэра Пятра Несцярэнкі, які пасля працяглых нягод эміграцыі пачатку ХХ стагоддзя заключае дамову з Саветамі і вяртаецца на радзіму. Рэжысёр — Максім Дзізенка.
У нядзелю, 13 кастрычніка, у Кракаве ладзяць майстар-клас па саламяных павуках і жывых камянях.
13-га ж кастрычніка акцёр Алесь Ждановіч, ён жа – Маляваныч – запрашае на свой творчы вечар у Варшаве. Першы будзе чытаць «сур’ёзныя» вершы, а другі — «казкі для дарослых». Будзе прэзентацыя дзіцячых кніжак, жарты, успаміны.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






