BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі за мяжой

У нядзелю, 28 снежня – вельмі насычаны дзень!

У Познані дае канцэрт аматарскі жаночы спеўны гурт «Hamanina». Беларускія традыцыйныя песні ў выкананні гурта падтрымае музыка Павел Кнорпс.

У  Варшаве запрашаюць адсвяткаваць Раство па-беларуску.

Будзе тэатр, спевы, гульні, кірмаш з батлейкай і прысмакі. А яшчэ – Самарыцянскі падарунак кожнаму дзіцёнку ад сям’і з Нямеччыны (даўняя традыцыя на Раство). Калядную гісторыю тэатр распавядзе двойчы: а 15.00 і а 18.00. Між імі будзе кірмаш, прысмакі і час на размовы.

У  Нью Ёрку – прэзентацыя кнігі Марыі Гулінай “Летела белая птица”. Падарожжы, пераезды, эміграцыі: як выбудоўваць усвядомленыя адносіны з тым месцам, дзе ты знаходзішся? Абмяркуюць аўтарка Марыя Гуліна і пісьменніца Таццяна Заміроўская. Адправіцца матросам на ветразны карабель. Будаваць экасцежкі на Байкале. Складаць уласны магічны атлас малюсенькіх чэшскіх гарадоў. Шукаць сямейную гісторыю на Камчатцы. Даследаваць гарады праз любімыя кнігі і музыку: у Новы Арлеан з Луі Армстрангам, у Капенгаген з Пітэрам Хёгам. Ад Венецыі да Сан-Францыска, ад Оксфарда да Новага Арлеана – зборнік апавяданняў аб важнасці асэнсаваных адносін з тым месцам, дзе ты знаходзішся, – год ці дзень. Пра ўсё гэта ды яшчэ іншае – у кнізе. Марыя Гуліна – журналістка, рэдактарка анлайн-часопіса пра вандроўкі 34travel. Скончыла магістратуру “Медыя і культурныя даследаванні” ў Ланкастэрскім універсітэце і з таго часу працуе спецыялісткай па камунікацыях у фотагалерэі ў Ліверпулі.

У  Сан-Францыска святкуюць Каляды з Маляванычам і Сержуком Доўгушавым. Тут чакае батлейка – традыцыйны аўтэнтычны беларускі калядны лялечны тэатр і тэатр ценяў ад Маляваныча. Традыцыйны беларускі калядны абрад з Мядзведзем, Жураўлём і Казой! Жывая музыка на колавай лiры ад Сержука – калядныя песні, танцы і інтэрактыўныя гульні. Падарункі, танцы, конкурсы, калядная латарэя, гарбата і прысмакі!

У  Варшаве – калядны чытацкі вечар з Андрэем Бібікавым.  Гэта будзе перадсвяточны вечар слоў і сэнсаў. Камерны, утульны, без мітусні. Спадар Андрэй будзе чытаць самыя розныя творы, у тым ліку тэксты беларускіх аўтараў, дзяліцца думкамі, пачуццямі, размаўляць з вамі і ствараць тое самае адчуванне блізкасці, за якое мы так любім жывыя сустрэчы. Таксама будзе магчымасць выпрабаваць сябе ў ролі чытальніка пад чулым і асцярожным кіраўніцтвам спадара Андрэя. Без страху. Без адзнакі. Толькі голас, тэкст і прыемнасць ад працэсу.

У Познані лідскі бард Сяргей Чарняк грае канцэрт “Калядная зорка надзеі”. Уваход вольны, данаты вітаюцца.

Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя