BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя культурныя беларускія падзеі на выходных

У суботу ў Батумі — Свята халадніка. У праграме: дэгустацыя халаднікоў, конкурс касцюмаў, інтэрактыўная лекцыя-віктарына, знаёмства з новым памяшканнем аКсяродка, а таксама –  беларускія спевы і танцы.


У суботу ж хросныя бацькі беларускага фрык-попу гурт «Касіяпея» прэзентуе ў Вільні новы альбом «Bipolar Star». Прышпіліце рамяні і рыхтуйцеся да касмічных прыгод! На наступны дзень канцэрт адбудзецца ў Варшаве, 10 чэрвеня –  у Познані, 11-га – у Берліне, 12-га – ва Уроцлаве, 14-га – у Кракаве.

На выходных на Падляшшы пройдзе вандроўны фестываль беларускай традыцыі SONCAHRAJ, які ладзіць фонд Tutaka. Добрая нагода дакрануцца да спеўных традыцый беларусаў ды ўвогуле даведацца пра творчую спадчыну нашых продкаў. У межах фестываля пройдуць варштаты, канцэрты і патанцоўкі, дзе загучаць аўтэнтычныя беларускія спевы і традыцыйна я музыка. Сярод запрошаных гасцей — «Kasary», «Капэля Трыградская», «Żemerwa». Ніякіх сцэн, ніякіх межаў паміж артыстамі і гасцямі, — толькі цудоўная магчымасць пабыць разам у коле жывой культуры.

У нядзелю ў Гданьску — новая сустрэча Беларускага Моўнага Клубу. Гэтым разам ладзяць сустрэчу са Змітром Бартосікам і яго творчай сям’ёй. Спадар Зміцер прэзентуе сваю кнігу «Забіць Упалмінзага». Таксама вас чакаюць: анекдоты з мінулага жыцця ад Змітра, песні аб будучыні ад Юстыны Карпіловіч, віртуозная музыка ад Таццяны Карпіловіч (баян) і Геральда Бартосіка (флейта).

У нядзелю ў Варшаве – новая сустрэча кінаклуба “Кінатанэль” з Сяргеем Пукстам. Што будуць глядзець, ведае зноў толькі Пукст. Яму і слова: “Гэтым разам я пакажу фільм, які некалі прадэманстраваў мне, што вялікае кіно можа быць не сур’ёзным і па-таркоўску насупленым, а іскрыцца акцёрскай і рэжысёрскай іроніяй. Скрозь жалезныя і таму асабліва далікатныя абдымкі фармалізму праступае сучаснасць, пазбаўленая нізавой сентыментальнасці, і таму асабліва высокае пачуццё. Мы пакажам фільм найвялікшага французскага рэжысёра, які паламаў  «татава кіно», ды і ў новую французскую хвалю не ўпісаўся. Як і належыць генію”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц інтэрнэту