BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра новае, якое насамрэч добра забытае старое

Гэта песня вясёлая, паўтараем яе зноў. Альбо ў цяперашнім, больш сучасным гучанні: калі касплэіць, то да канца. Расейскі правадыр настолькі загуляўся ў імперскую веліч, што паверыў у свае звышздольнасці. Каб стаць царом, адвагі бракуе. Ну, хоць генеральным сакратаром паспрабуе сябе адчуць.

Карацей, Уладзімір Пуцін вырашыў сваім указам аднавіць папулярны ў сацлагеры песенны фестываль Інтэрбачанне, які сканаў яшчэ ў канцы 1980-х. У 2025 годзе конкурс Інтэрбачанне пройдзе ў Маскве, як паведамляюць, на самым высокім узроўні. Відаць, настолькі пакрыўдзіліся за выдаленне РФ з конкурса Еўрабачанне, што здарылася ў выніку нападу на Украіну ў 2022, што спаць спакойна не могуць, пакуль не прыдумаюць адказ. Паколькі за тры гады вайны назад Расею на Еўрабачанне не папрасілі, то ў Маскве прыдумалі адрадзіць сваё. І нічога не прыдумалі больш цікавага, як рэанімаваць фестываль брэжнеўскіх часоў. Зрэшты, падчас брэжнеўскага застою тэлебачанне было настолькі сумным, што нават Інтэрбачанне з удзелам Мікалая Гнацюка, Карла Гота і Веселіна – як яго там – Марынава магло б стаць сапраўднай падзеяй.

Засталося толькі з таго свету вярнуць пераможцаў Інтэрбачання 1960-х, каб адчуць дух эпохі. Хаця чаго спыняцца на Інтэрбачанні. Незабыўны водар брэжнеўскага застою можна адчуць і цяпер. Нават тым, хто не памятае ўрачыстыя музычныя акорды Шастаковіча з застаўкай Інтэрбачання. Уявіце сабе брэжнеўшчыну ў ХХІ ст.:  ютуб заблакавалі, многіх спевакоў замежных закансэлілі, фестывалі скасавалі, увялі цэнзуру… А замест таго, каб чакаць чаргу на кватэру, людзі чакаюць чаргу на новы айфон, які ўсё роўна працуе крыва, бо дадаткі праз санкцыі не ўсе грузяцца.

Юрый Чарняўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: 1news.az/news