BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра псеўда-калядкі ад прапагандыстаў

Дзяржаўная прапагандыцкая газета “Гомельская праўда” апублікавала спіс песень для тых, хто сабраўся шчадраваць.

Падавалася, добрая ідэя. Бо дагэтуль у Гомелі ходзяць натоўпы дзяцей, якія хочуць шчадраваць, але якія не ведаюць, як гэта рабіць. Але калядкі гэтыя – зусім не калядкі. У параўнанні з прыведзенымі псеўдакаляднымі песнямі ад прапагандысцкай газеты песні, з якімі цяпер ходзяць шчадраваць дзеці, пра “колядую-колядую, колбасу чую” і тое лепей. Песні ад дзяржаўных журналістаў, мякка кажучы, дзіўныя. І больш за тое, не маюць абсалютна нічога агульнага з традыцыйнымі беларускімі калядкамі і шчадроўкамі. У дзяржаўным спісе вы не знойдзеце калядкі пра казу ці вітальныя песні гаспадару і ягонай сям’і. У прапагандысцкай газеце нейкія графаманскія вершыкі са словамі кшталту: “Мы толпой гуляем дружно, / Поздравлять вас всех нам нужно”. І ўвогуле прапагандысты ўсе псеўда-калядкі прыводзяць чамусьці па-расейску. Такое адчуванне, што дзяржаўная газета, якая існуе за грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў, насамрэч піша для суседзяў, а не для сваіх грамадзян. 

Сапраўдныя калядкі ў Беларусі былі па-беларуску з павагай да гаспадара з пажаданнямі дабрабыту і ўраджаю. А ў прапанаваных вершыках дзяржаўнай газеты гаворыцца: “Мы, ребята, колядуем, Ветров в дом мы вам надуем”. Калядоўшчыкі, як пасланцы богу дакладна не маглі аніякіх “вятроў надзьмуць”, бо паводле нашай традыцыі, калядоўшчыкі ідуць з-пад самага раю і прыносяць радасць і дабрабыт. І зычылі калядоўшчыкі гаспадарам, каб у хаце заўжды было, што даці. Бо каляды — гэта дні, калі трэба было чымсьці падзяліцца, паколькі калі ты падзелішся добрым, то добрае да цябе і вернецца.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту