У Беларусі забараніць кнігу — гэта як схадзіць у краму па малако. Толькі дзесьці з’яўляецца сігнал ад прапагандыстаў, што трэба, то адразу чыноўнікі бягуць выконваць. Новая кніга “Слон” Сашы Філіпенкі мусіла прадавацца ў Беларусі. Тым болей, што твор сапраўды папулярны.

Паводле выдавецтва “Янушкевіч”, “Слон” стаў бестселерам у ліпені. І вось кніга нават з’явілася на маркетплэйсе Wildberries у Беларусі! Шчасце ж! Аўтар нават асцярожна паведаміў пра гэта ў сацсетках. Але радасць доўжылася нядоўга. Бо ў краіне, дзе нават бел-чырвона-белая шкарпэтка можа выклікаць ідэалагічны шторм, “Слон” хутка стаў праблемай. Прапагандыст Азаронак, адчуваючы небяспеку ад папяровых старонак тэксту, выйшаў на сцэну з грознай заявай: “Філіпенка рана ўзрадаваўся”. Сапраўды, занадта рана паверыў, што кніга ў Беларусі можа быць проста кнігай. Ужо праз некалькі гадзін “Слон” знік. Проста — хоп! — і няма. Знік з сайту, з пошуку, з паліцы. Прапагандысты не хавалі радасці — “усё вырашана”, “дзякуй усім датычным”.
Кажуць, што сланы нічога не забываюць. Так і беларусы не забудуць, як у краіне забаранялі кнігі. Цяпер, калі вы недзе пачуеце слова “Слон” — не спяшайцеся думаць пра жывёлу. Гэта ўжо культурны тэрмін. Гэта сімвал таго, што пры цяперашніх уладах Беларусі чытаць небяспечна. Але вось што цікава: чым больш забараняюць кнігі, тым хутчэй яны трапляюць у торбы, тэлефоны і галовы. І гэты слон — ужо не толькі на вокладцы. Ён ужо ў пакоі. І ён большы за кожную цэнзуру.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя






