BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Прадмову Язэпа Янушкевіча да збору твораў Дуніна-Марцінкевіча прызналі «экстрэмісцкай»

Суд Жыткавіцкага раёну 24 траўня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» яшчэ адну прадмову Язэпа Янушкевіча да твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, на гэты раз да збору твораў у двух тамах, выдадзенага ў менскім дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 2007 годзе.

Гэты двухтомнік Дуніна-Марцінкевіча быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў лістападзе 2023 году тым жа судом Жыткавіцкага раёну. Пазней рашэнне раённага суда адмяніў прэзідыум Гомельскага абласнога суда 11 сакавіка 2024 года.

Цяпер гэты самы двухтомнік беларускага класіка зноў з’явіўся ў адпаведным спісе на сайце Мінінфарма — аднак на гэты раз «экстрэмісцкай» прызнаная толькі прадмова да яго.

Таксама летась паводле заявы пракуратуры Менска “экстрэмісцкімі матэрыяламі” была прызнаная прадмова Язэпа Янушкевіча да збору твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які выйшаў у серыі “Беларускі кнігазбор”.