
“Да нашых экскурсій далучаюцца не толькі дарослыя, але і дзеці”, — распавяла нашаму радыё суарганізатарка падзей, мастачка па пяску Аляксандра Канафальская.
— Гэта такі праект-ініцыятыва, бескаштоўны. Ён існуе ўжо два гады, ад жніўня мінулага году ён існуе. 30 паходаў у нас ужо адбылося, кожны паход налічвае ня менш за 50 наведнікаў. У групе ў Telegram, гэта дарэчы, дагэтуль для мяне шок, больш за 1100 людзей аматараў гор і падарожжаў.
РР: Ці памятаеш, куды вы хадзілі так, каб гэта было маштабна, найбольш цікава, як для арганізатаркі, для цябе?
— Так, я памятаю кожны паход, бо мы збіраем такі летапіс. Усе нашыя паходы мы захоўваем. Кожны ахвотны, калі далучыцца да нашай групы ў тэлеграме, ён можа прайсці па спасылцы і паглядзець усе нашыя маршруты і самастойна яго, напрыклад прайсці. З апісаннем з усім, што трэба ўзяць з сабой і гэтак далей.
Паходы — кожны асаблівы. Не магу вылучыць нейкі асобны, але напрыклад самы масавы паход быў на „Гуканні вясны“, мы яго ладзілі разам з дзяўчатамі з гурту Kriwi, яны сапраўдныя такія абрадавыя вясновыя песні спявалі. Гэта было ў руінах сярэднявечнага замку на гары. Даволі далёка ад Уроцлава, каля 90 кіламетраў. Гэты паход налічыў 240 чалавек — гэта быў абсалютны рэкорд. І здаецца, 11 сабак.
РР: Як ты звычайна правяраеш маршруты?
— Спачатку я хадзіла сама, каб ведаць да людзей, мне трэба ведаць куды. Потым ужо такі досвед ён дазволіў, нават проста па мапе, ты ўжо прыкладна ведаеш, ну вядома, я чытаю нейкія звесткі ў інтэрнэце, шукаю пэўны маршрут, гляджу фотаздымкі. Але ўжо проста нават, калі ўмееш чытаць мапу, то можна проста зразумець, якой прыкладна складанасці будзе маршрут — сучасныя дадаткі на тэлефон могуць усё прачытаць, расказаць. Толькі надвор’е ты загадзя не прадугледзіш і могуць быць такія сюрпрызы кшталту снегу ці бруду пад нагамі па калена, але гэта толькі дадае атмасферы.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
З Аляксандрай Канафальскай гутарыла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя






