BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Прайшоў горкі пыл Афганістана

17 жніўня спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння воіна-афганца, празаіка і паэта Івана Сяргейчыка (1949-2006), які быў родам з Зэльвенскага раёна.

Пісаць вершы Іван пачаў яшчэ ў трэцім класе, калі вучыўся ў Пустаборскай пачатковай школе Зэльвенскага раёна. А праз два гады ўжо ў 5-м класе Галынкаўскай сярэдняй школы аднойчы на ўроку беларускай мовы настаўніца Аляксандра Сцяпанаўна Цвікевіч убачыла лісток паперы, на якім быў напісаны верш “Ручэй”. “Гэта яе заслуга, – прыгадваў Іван, – што я сёння пішу, што ўлюблёны ў роднае слова, у родныя, блізкія і дарагія сэрцу краявіды”.

Іван Сяргейчык нарадзіўся 17 жніўня 1949 года ў вёсцы Пустаборы Зэльвенскага раёна. Пасля Пустаборскай пачатковай школы вучыўся і ў Галынкаўскай сярэдняй школах. Іван Сяргейчык не меў вышэйшай адукацыі, а скончыў толькі Слонімскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. На гэты конт ён заўсёды казаў: “Універсітэцкіх навук не праходзіў, не было калі, да ўсяго трэба было даходзіць самому. Змалку хлеб сваім мазалём зарабляў. Стаў механізатарам. Працаваў у калгасе, на будоўлі дарог у Сярэдняй Азіі. А потым – войска”. І сапраўды: з 1968 па 1990 гады служыў ў радах Савецкай Арміі. Выконваў інтэрнацыянальны абавязак у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане (1981 – 1983 і 1989 гады). Глядзеў смерці ў вочы, быў паранены. Узнагароджваўся ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Творы яго друкаваліся ў абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях, раённых газетах, у калектыўных паэтычных зборніках і альманахах “Пад гукі паланэза”, “Карані”, “Галасы”, “Золак над Шчарай”, “Зоры над Зальвянкай”, “Старонка” і ў іншых.

У бібліятэчцы часопіса “Маладосць” за 1991 год выйшла першая кніжка прозы Івана Сяргейчыка, якая называлася “Горкі пыл Гіндукуша” (Афганскі дзённік). Пісаць пачаў Іван Лук’янавіч свой дзённік на самым пачатку “афганскай вайны”, пра якую ў той час яшчэ мала хто і ведаў. У ім аўтар паспрабаваў асэнсаваць падзеі тых гадоў. Пісьменнік -“афганец” Іван Сяргейчык у Беларусі тады быў першы аўтар – удзельнік інтэрнацыянальнай вайны, не па выхаду кнігі, а па часе яе напісання. Афганскі дзённік – гэта шчырая споведзь воіна-інтэрнацыяналіста, які двойчы пабываў на палітай крывёю зямлі.

Кнігу “Горкі пыл Гіндукуша” у 1991 годзе рэдагаваў пісьменнік Уладзімір Саламаха. А прадмову да кнігі Уладзімір Саламаха папрасіў напісаць вайсковага журналіста, падпалкоўніка Васіля Зданюка. Васіль за ноч прачытаў рукапіс, а раніцай прынёс у рэдакцыю часопіса “Маладосць” сваё слова пра будучую кнігу.

У 2006 годзе выйшла з друку яшчэ адна кніга Івана Сяргейчыка, якую аўтар прысвяціў усім воінам-афганцам – зборнік аповесцяў і апавяданняў “Без права на літасць”. Вось да гэтай кнігі прадмову “Непадуладна часу” напісаў усё той жа Уладзімір Саламаха, які адзначыў, што наша літаратура павінна ўзяць разважанні Івана Сяргейчыка пра Афганістан і вайну у свой актыў, як высокамастацкія, надзвычай праўдзівыя, трагічныя і філасофскія… Так-так, творы, якія маюць філасофскую антываенную накіраванасць. І яны непадуладны часу.

Пасля службы ў арміі Іван Сяргейчык жыў у Слоніме і працаваў у Слонімскай друкарні загадчыкам гаспадаркі, у рэдакцыі газеты “Слонімскі веснік”, у Слонімскім цэнтры пазашкольнай навучальнай работы “Скарбніца”, дзе кіраваў літаратурным гуртком.

У 2005 годзе Іван Сяргейчык выдаў зборнік аповядаў “Сцяжынка школьная мая…” пра адораных і таленавітых дзяцей Слонімшчыны. Героямі кнігі сталі школьнікі – лепшыя вучні школ Слонімскага раёна: пераможцы конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, раённых, абласных, рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах, юныя літаратары, спевакі, музыканты, танцоры. У малых літаратурных жанрах аўтар паспрабаваў раскрыць характары таленавітых падлеткаў, паказаць невымяральную роль педагогаў у выхаванні моладзі. Гэта была толькі першая кніга, а ён планаваў пра здольных школьнікаў выдаць іх некалькі. А пасля падобныя кнігі напісаць і пра школьнікаў Зэльвеншчыны. На вялікі жаль, не паспеў.

Па ініцыятыве Івана Сяргейчыка былі выдадзены літаратурна-публіцыстычны зборнік членаў слонімскага літаб’яднання “Золак над Шчарай” (1994) і літаратурны альманах “Пад гукі паланэза” (2005), у якіх сабраны творы мясцовых літаратараў.

Усе гэтыя выданні і добрыя справы захавалі памяць пра Івана Сяргейчыка – смелага, таленавітага і проста шчырага чалавека, які зусім нядаўна жыў на нашай зямлі.

Беларускае Радыё Рацыя