Praniknieńnie (Пранікненне) – у Вільні паўстаў новы беларуска-ўкраінскі музычны праект. Яго стварылі некалькі месяцаў таму мастачка і музыка Лера Лазук, піяністка Святлана Ярміліна і ўкраінская спявачка Zenit. Гэта асноўны склад гурта, часова да іх далучаліся Андрэй Павук, Аляксандр Памідораў і Наталля Карнеева.
Упершыню беларуска-ўкраінскі грут Praniknieńnie выступіў падчас “Адкрытага мікрафону”, які ладзіўся ў прасторы CreateCulture Space ў Вільні на пачатку жніўня. А ўрачыстая прэзентацыя гурта адбудзецца бліжэйшым часам.

Пра ідэю стварэння музычнага праекта “Пранікненне” распавядае яго ідэйная натхняльніца Лера Лазук:
– Я заўважыла, што ёсць нейкая сувязь паміж тым, што я малюю, і тым, што я граю. І тады я зрабіла такі агульны праект музычны, з выставай аб’яднала сваёй. А потым мне напісаў Андрэй Павук. І мы пачалі граць разам. А яшчэ праз нейкі час я пазнаёмілася з чалавекам з Украіны Zenit, і мы таксама запрасілі яе да нас. І пачалі граць утрох.
Паводле Леры Лазук, назву гурта прыдумаў Андрэй Павук, але яны зараз разышліся з-за розных эстэтычных скіраванасцяў:
-У мяне песні даволі меланхалічныя і сур’ёзныя. А які стыль у Андрэя Павука, я думаю, усе ведаюць. Яму вясёлае, бадзёрае хочацца. І ў выніку мы развіталіся па ўзаемазгодзе.

З творчасцю беларуска-ўкраінскага музычнага праекта Praniknieńnie (Пранікненне) можна пазнаёміцца і ў інтэрнэце. У гурта ўжо ёсць свае сацыяльныя сеткі ў Youtube: https://www.youtube.com/@pranikniennie
Instagram: https://www.instagram.com/pranikniennie/ і Tiktok: https://www.tiktok.com/@praniknienie?_t=ZN-8zbedUfF3Sh&_r=1.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:



Фота Андрэя Павука
Беларускае Радыё Рацыя






