У праваслаўных беларусаў набліжаецца самы яркі і цікавы перыяд. З 6 па 19 студзеня адзначаюцца Каляды. У найбольшай ступені традыцыі гэтых зімовых святаў фіксуюцца на Гомельшчыне. Тут дагэтуль нават у самім Гомелі 13 студзеня кватэры абыходзяць калядоўшчыкі. Якія песні спявалі на Каляды? Што сімвалізавала Каза? І чаму ў савецкія часы традыцыю калядавання ў Беларусі спрабавалі вынішчыць? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае фалькларыстка і былая палітзняволеная Ларыса Шчыракова у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Ты ездзіла ў шматлікія экспедыцыі, і ці можна казаць, што людзі святкуюць Каляды так, як святкавалі раней, 80-100 гадоў таму?
Ларыса Шчыракова: Канешне, па ўсёй Беларусі былі Каляды, як па ўсёй Беларусі было Купалле, напрыклад. Але мы кажам, што ёсць нейкія рэгіёны, нейкія мясцовасці ў Беларусі, дзе гэтае свята было эпіцэнтрам. І менавіта Каляды, калядная традыцыя вельмі моцная на Гомельшчыне. І вельмі распрацаваная – гэта і абрады, і рытуалы, і спевы калядныя адмысловыя. І канешне такая моцная традыцыя так проста не сыдзе, якая глыбока ўкаранілася ў народную свядомасць і якая прайшла праз усе гэтыя савецкія часы і за гэта людзей каралі нават, дык яна канешне нікуды не сыдзе. І яна і дагэтуль існуе.
РР: З чаго пачыналіся Каляды?
Ларыса Шчыракова: Былі як бы тры святочныя вечары, і адным з цэнтральных рытуалаў падчас гэтых святочных вечароў была святочная вячэра, якую называлі паводле галоўнай стравы – менавіта куцці – ячнай кашы. Такім чынам, атрымліваецца, што мы маем народныя зімовыя святы, альбо Каляды – гэта былі святочныя вячэры з куццёю. Але куцця была падчас Раства і Вадохрышча посная. І адна з іх была Шчодрая куцця менавіта на Стары новы год. Падчас гэтых святаў адбываліся свае рытуалы.
РР: Якая асаблівасць была для Гомельшчыны? Было штосьці, што адрознівала яе ад іншых рэгіёнаў?
Ларыса Шчыракова: Каляды – гэта моцны мікс хрысціянскага і паганскага. Напрыклад, адным з рытуалаў, які адбываўся падчас Калядаў, было каледаванне – абыход дзецьмі, жанчынамі, мужчынамі, рознымі гуртамі хат наўзамен на частаванне. І менавіта абыход падворкаў на Каляды быў вельмі характэрны для Гомельшчыны. Адзінае, тут ёсць розніца, таму што ёсць вёскі, дзе абыход падворкаў адбываўся толькі на Раство. І можа адметнасцю Гомельшчыны з’яўляецца тое, што калядныя гурты, калядоўшчыкі, яны збольшага хадзілі з Казою. Каза – гэта сімвал плоднасці. Бо Каляды – гэта святкаванне Новага года, не проста Новага года, а Новага земляробчага года.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






