У Вільні 24 сакавіка пройдзе прэм’ера спектакля “Цесля” на беларускай мове. Яго прадставіць беларуска-расейска-літоўская каманда творцаў. Рэжысёр спектакля Андрус Дарэла, а галоўную ролю грае беларускі акцёр з трыццацігадовым досведам Сяржук Тоўсцікаў. Эпізод з яго асабістага жыцця і стаў падставай для напісання сцэнару для гэтага спектакля.
Сённяшні Госць Рацыі – акцёр Сяржук Тоўсцікаў распавядае пра гісторыю стварэння спектакля, трупу, якая ў ім задзейнічана, ды асабістае нашаму радыё.

РР: Спектакль называецца “Цесля”, як я разумею, гэта цясляр ці штосьці іншае? Чаму ў гэтага спектакля такая назва?
Сяржук Тоўсцікаў: Сапраўды гэта пра прафесію, пра адукацыю. Цясляр – гэта разьбяр па дрэве. Але гэта не проста сталяр, які будзе проста цясаць дрэва. Гэта ўсё ж такі майстар па мастацкіх вырабах, гэта вельмі тонкая праца. Ад гэтага ідзе яго тонкая натура, пастаянныя ваганні, няўпэўненасць, бо гэта творчы чалавек, гэта чалавек з тонкай матэрыяй такой маральнай унутранай.
Ён працуе ў раённым Доме культуры, і гэта яго спецыфіка. І, канешне, яшчэ праз тое, што гэта такая беларуская рэальнасць, яму даводзіцца рабіць не толькі барэльефы ласёў, рыб і г.д., але яму трэба дзесьці і рамачку пафарбаваць, за дровамі з’ездзіць для дырэктрысы гэтага дома. Карацей, самае рознае, як у нас да гэтага часу прынята на раёнах, што асноўная прафесія не вызначае, што чалавек будзе толькі ёй займацца.
Вось я, да прыкладу, калі працаваў у тэатры, то ў мяне заўсёды былі з дырэктарам спрэчкі, калі былі суботнікі. Кажуць – трэба памыць падлогу, трэба вымыць вокны, пасадзіць дрэва. Я кажу – чакайце, давайце мы будзем кожны займацца сваім. Вось я, да прыкладу, артыст, давайце я сыграю спектакль для дзіцячага дома ці для небагатых людзей, якія не могуць сабе дазволіць схадзіць у тэатр за грошы. Але ж у нас такая практыка была, умоўна, выскубці траву, памыць вокны, падлогі, столі. Такое вось.
Так што гэта такі шматстаночнік, можна сказаць, і яго гэтае жыццё не вельмі задавальняе. Усе ведаюць, як небагата жывуць наогул людзі ў раёнах. Калі браць бюджэтнікаў, яны не могуць атрымліваць нейкія бонусы, бо бюджэтная сфера як у горадзе, так і ў раёне лічылася такой, што мы ў кагосьці сядзелі на шыі.
РР: Якую важную, надзённую, мо праблемную беларускую тэму раскрывае гэтая пастаноўка?
Сяржук Тоўсцікаў: Справа ў тым, што цясляр, то бок я (Сяржук Тоўсцікаў выконвае галоўную ролю ў спектаклі) застаўся адзін. Пасля таго, што адбывалася ў 2020 годзе, пасля гэтых маршаў, супраціву ўлады з народам шмат людзей, такія, як зрэшты я зараз, пакінулі Радзіму. Засталіся бацькі, браты, сёстры, цёткі, дзядзькі. Да прыкладу, у мяне застаўся бацька, маці памерла яшчэ ў 2019 годзе. І ў яго было вялікае жаданне пабачыцца, бо я тут апынуўся ў некаторай ступені неспадзявана. Я збіраўся з’ехаць з Беларусі. Але я збіраўся з’ехаць ва Украіну. І гэта быў пачатак лютага 2022 года, у мяне быў план паздымацца тут у серыяле “Акрэсціна”, потым вярнуцца ў Менск, спакойна здаць сваю кватэру, чыпіраваць сваю котку і паехаць у Кіеў у тэатр на левым беразе Дняпра, каб там працаваць. Не ведаю, што б з гэтага атрымалася, куды б мне потым давялося б ці то бегчы, ці заставацца ў Кіеве. Карацей кажучы, выйшлі некалькі бэкстэйджаў – давялося застацца.
А ехаў я сюды з невялікім заплечнікам быццам бы ў невялікую камандзіроўку. І вось я застаўся, і бацька мой кажа “нічога, сынок, хутка ўсё скончыцца і мы пабачымся”. А я кажу “не, не будзе гэта ўсё хутка”. І вось бацька мяне не дачакаўся. Год таму яго не стала, калі гэтая п’еса была ўжо ў распрацоўцы. Яе напісала вельмі файная актрыса, добры драматург – Вольга Каралёнак. Яна таксама праз падзеі 2020 года знаходзіцца не ў Беларусі.
Я кажу ёй, Воля, надакучыла гэтая і “чарнуха”, і “развлекуха”, хочацца штосьці актуальнага, пра сапраўдныя жыццёвыя сітуацыі. Я распавёў ёй пра свайго бацьку, яна яго зрэшты добра ведала. І вось яна такую п’есу зрабіла. Але гэта не акцёр, усё ж такі гэта цясляр. Праз глыбіню, праз раён, усё гэтую сітуацыю адлюстравала ў гэтай п’есе.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Спектакль “Цесля” пройдзе ў межах святкавання Дня Волі ў Вільні 24 сакавіка. У гэты дзень адбудуцца два прадстаўленні ў 18.00 і 20.00, працягласць спектакля 1 гадзіна і 15 хвілін. Квіткі можна набыць праз інтэрнэт.

Беларускае Радыё Рацыя
Фота з асабістага архіву Сяржука Тоўсцікава






