Наш сённяшні госць — нямецка-расейскі рэжысёр і журналіст Раман Шэль, аўтар дакументальнага фільма «Апошнія словы», які быў паказаны ў межах першага фестывалю беларускага сучаснага відэамастацтва SAMASIEJ у Беластоку. Фільм прысвечаны жыццю мастака і палітзняволенага Алеся Пушкіна.

Раман Шэль не змог прысутнічаць на паказе, але наша карэспандэнтка Вольга Сямашка звязалася з ім, каб абмеркаваць фільм, яго ідэю і рэакцыю беластоцкай публікі:
РР: На паказе вашага фільму на фестывалі SAMASIEJ у Беластоку, на маю думку, не хапала рэжысёра. Бо ў гледачоў, канешне, узнікалі пытанні.
Раман Шэль: Увогуле я расейскі немец. Я быў карэспандэнтам нямецкага тэлебачання ў Маскве. І ў рамках карэспандэнцкай працы ва Усходняй Еўропе я рабіў сюжэты пра Беларусь і пра Украіны. Я з Масквы лятаў па ўсё Усходняй Еўропе, а таксама Каўказ і Цэнтральная Азія.
РР: Раскажыце як ваш фільм трапіў на фестываль SAMASIEJ ў Беластоку. Вы прапанавалі, ці вас запрасілі?
Раман Шэль: Мяне запрасілі. Я думаю, што гэта звязана з Янушам Гаўралюком, з яго фестывалем Бульбамуві, таму што ўпершыню фільм быў паказаны ў яго на фестывалі ў мінулым годзе. І я думаю, што гэта неяк з гэтым звязана. А скажыце мне, як гэта увогуле было, як людзі ўспрынялі.
РР: На фільм патрапілі ўсе ўдзельнікі выставы, якая працавала ў межах фестывалю, гэта быў суботні дзень, даволі спакойны. Зала з маўчаннем глядзела. І не было чуваць ніводнага шораху. І пасля была спроба нават папляскаць у далоні, але сам герой фильму Алесь Пушкін напрыканцы кажа у сваім завяршальным слове, не трэба апладысментаў. Людзі кажуць, што некаторыя плакалі. І арганізатары прасілі перадаваць вам, як рэжысёру, словы адваротнай сувязі, таму што фільм сапраўды кранальны. Тым не менш, як мне падалося асабіста, як гледачу, Пушкін праз ваш фільм усё адно застаецца свабодным нават пасля смерці. Якія вашы мэты былі калі здымалі фільм? І што вас пераканала зрабіць гэты фільм?

Раман Шэль: З жніўня 2020 года, амаль з самага пачатку пратэсту, я быў у Беларусі. І ніякай мэты здымаць фільм у мяне не было. Я быў рэпарцёрам актуальных праграм культурніцкіх навін. Я рабіў рэпартажы па «Вольны хор», пра Маргарыту Ляўчук, пра Сержука Доўгушава, пра мастакоў, не буду называць іх імёны, бо многія з іх зараз знаходзяцца ў Беларусі. Таксама пра падпольныя канцэрты і пра многае іншае. І з Алесем Пушкіным я пазнаёміўся выпадкова, на такіх вось спеўках, і проста паралельна пачаў яго здымаць. Было некалькі сюжэтаў пра яго, можа пяць, ці дзесяць, ужо не памятаю.

Я адчуваў, што тэма важная, таму здымаў усё што мог, нават без замаўлення рэдакцыі. Таму што як і многія замежныя карэспандэнты ў Беларусі, у мяне не было акрэдытацыі, мне яе не далі. У мяне была сакрэтная кватэра пад Менскам, куды я на машыне прыязджаў, і жыў там на працягу двух гадоў. Да сярэдзіны 2021 года я быў у Беларусі. Напэўна раз 30-35 я перасякаў граніцу. І такім чынам здымаў актуальныя рэпартажы. У выніку за гэтыя паўтара-два гады ў мяне выявіліся два галоўныя праекты – гэта «Вольны хор» і Алесь Пушкін. І я здымаў усе падзеі, якія толькі можна было зняць.
Думкі пра фільм пра Алеся Пушкіна з’яўляліся, але фінальнае рашэнне было прынята тады, калі ён, на жаль, памёр. Канешне, была мара зняць Алеся Пушкіна пасля выходу з турмы і затым калі будзе перамога, каб атрымаўся такі фінал фільму. Але калі ён памёр, гэта было абсалютна шок для мяне. Я зразумеў, што трэба збіраць усё што можна і рабіць фільм яго памяці. Так гэта было.

РР: І атрымалася вельмі няблага. І хачу ў вас запытацца, як у рэжысёра: фільм у прынцыпе дакументальны, але глядзіцца як мастацкі. Гэта ў вас такое майстэрства, ці гэта сам Алесь Пушкін, настолькі ажыўляе любы кадр, што робіць з дакументальнага мастацкі фільм?
Раман Шэль: Я проста дастаў усе кадры, якія ў мяне былі з ім, максімальна іх падоўжыў. Многія кадры атрымаліся такія доўгія, мастацкія, іх, канешне, напаўняў Алесь. Я нават не думаў, мастацкія яны, ці не мастацкія. Проста ў ім вельмі шмат творчасці. І гэта было ўсё пра Алеся. Там адна акцыя, другая акцыя, танцы, вялікі дыялог побач з карцінай, на якой яго вочы. Там не ўсё патрапіла ў гэты фільм. Ну і не можа быць фільм не мастацкі, таму што Алесь Пушкін у кадры. Я яго здымаў для тэлебачання, для сюжэтаў, і гэта проста выпадковасць, што ў мяне атрымліваліся доўгія кадры. Я быў вельмі шчаслівы, што яны ў мяне засталіся.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






