Уладзімір Някляеў, які з 2021 году жыве ў Польшчы, выдаў тут 6 кніг і сёлета выйдзе яшчэ адно выданне. Новая кніга аб’яднае паэмы паэта, напісаныя апошнім часам у эміграцыі.

Кажа Уладзімір Някляеў:
– Тут як ніяк, хоць падсмоктвае змяя-настальгія, але выдадзена 6 кніг. І зараз у друкарні ўжо яшчэ дзве кнігі. Адна кніга – гэта мае драматычныя паэмы пра Ягайлу і Міндоўга.

Сапраўднай падзеяй у беларускай літаратурай стаў выхад раману Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» у 2021 годзе ў выдавецтве «Камунікат». І вось неўзабаве гэтая кніга будзе даступная і польскаму чытачу.
– Яшчэ адна кніга – гэта пераклад рамана «Гэй Бэн Гіном» на польскую мову. Чаго я ніяк не чакаў, бо гэта 600 старонак тэксту. Узяцца перакладаць без ніякіх абяцанкаў з майго боку ці з боку выдавецтва нейкіх ганарараў – гэта не кожны ў нас возьмецца. А тут польскі літаратар, паэт і файны ўвогуле чалавек узяўся і гэта зрабіў.
У перакладах на замежныя мову ў Уладзіміра Някляева выйшла больш дзесяці кніг – сярод іх «Галубіная пошта» (Польшча), «Паланэз» (Літва), «Чырвоны захад» (Фінляндыя), «Лісты да свабоды» (Швецыя) ды інш.
Беларускае Радыё Рацыя






