Рамонт Чырвонага касцёла ў Менску пачнуць у чэрвені. Пра гэта заявіла начальніца ўпраўлення культуры Менгарвыканкама Кацярына Лучына, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва “Мінск-Навіны”.

Чыноўніца заявіла, што ўлады сталіцы сочаць за захаванасцю знакавых для горада будынкаў, у тым ліку Чырвонага касцёла, Пішчалаўскага замка і гістарычных будынкаў на вуліцы і ў праездзе Чыжэўскіх. “Усе гэтыя будынкі – аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. У чэрвені пачнуцца рамонтныя работы Чырвонага касцёла. Думаю, у 2026 годзе яны будуць завершаны”, – заявіла яна.
Касцёл закрылі ў 2022-м пасля невялікага пажару, які здарыўся ў верасні таго ж года. Афіцыйная версія – няспраўнасці электраправодкі.
Што тычыцца Пішчалаўскага замка на вул. Валадарскага, то па гэтым аб’екце вядуцца праектныя работы, расказала Лучына. Пасля завяршэння абнаўлення там плануецца адкрыць кавярні, рэстараны беларускай кухні і не толькі. Уладкуюць і пляцоўку для культурных мерапрыемстваў, у тым ліку гістарычных рэканструкцый, з устаноўленай сцэнай.






