Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвясцілі старт новага паэтычнага сезона і адкрыццё прыёму заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай.

Да ўдзелу запрашаюцца аўтары і аўтаркі паэтычных кніг, выдадзеных у 2025 годзе. Як адзначае прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч, адной з важных асаблівасцяў прэміі застаецца адкрытасць да моўнай разнастайнасці беларускай паэзіі:
– Па статуце мы найбольш накіраваныя на падтрымку беларускамоўнай кнігі паэзіі. Гэта прапісана ў мэтах. Але бывае так, што кніга выходзіць на некалькіх мовах. Бывае, што нешта эксперыментуюць і г.д. Гэта ўжо ідзе на разгляд журы. Кніга павінна быць новай, не менш 50% тэкстаў павінны быць выдадзены ўпершыню. Перш за ўсё гэта, канешне, падтрымка беларускамоўнай літаратуры.
Паводле ўмоваў конкурсу, кніга мусіць быць выдадзеная паміж 1 студзеня і 31 снежня 2025 года ў папяровым або электронным фармаце, а таксама ў выглядзе аўдыякнігі, і ўтрымліваць пераважна раней не апублікаваныя тэксты. Намінаваць кнігі могуць самі аўтары, выдавецтвы, сябры журы і аргкамітэта, а таксама творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі і сродкі масавай інфармацыі. Канчатковы тэрмін падачы заявак — 22 лютага 2026 года.
Падрабязная інфармацыя пра правілы і ўмовы ўдзелу даступная на сайце penbelarus.org.
Цалкам матэрыялы:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота конкурса.






