BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Расстралялі за “Беларускі нацыянальны цэнтр”

9 ліпеня споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння педагога, публіцыста, дзеяча беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, кіраўніка Цэнтральнага сакратарыяту Беларускай сялянска-работніцкай Грамады (БСРГ) Максіма Бурсевіча (1890-1937).

На фота: Максім Бурсевіч пасля выхаду з турмы ў Каранове, 1930 г.

Максім Бурсевіч паходзіў з вясковай сялянскай сям’і Тараса і Марыі Бурсевічаў са Слонімшчыны. У спадчыну ад бацькі засталася яму адна дзесяціна зямлі і палова курнай хаты з глінянымі сценамі і такой жа падлогай. Сям’я была шматдзетная (чатыры браты). Максім быў трэці. Нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя ўмовы, ён і старэйшы брат Андрэй, атрымалі адукацыю і зрабіліся народнымі настаўнікамі. Максім паехаў па вопыт да свайго старэйшага брата, які працаваў ў вёсцы Нязбодзічы-Дабровая на Беласточчыне, цяпер гэта Свіслацкі раён. Гасцюючы ў брата, Максім выпадкова сустрэў побач з Нязбодзічамі на хутары Тарасаўка 18-гадовую дзяўчыну Апалінарыю Мацвееву, якая, у параўнанні з Максімам Бурсевічам, які быў родам з беднай сялянскай сям’і, была даволі багатай дзяўчынай, бо паходзіла з сям’і праваслаўных святароў Пракаповічаў. Тым не менш у 1910 годзе яны павянчаліся, і Апалінарыя да канца жыцця заставалася вернай жонкай і сябрам Максіма Бурсевіча.

У 1915—1921 гадах сям’я Бурсевічаў жыла ва Украіне (Харкаўшчына). Вярнуўся Максім з сям’ёй на Бацькаўшчыну ў 1921 годзе, працаваў настаўнікам на Слонімшчыне і Віленшчыне. У першай палове 1920-х гадоў двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі за спробы арганізаваць прыватныя беларускія школы на Гарадзеншчыне.

На фота: Сям’я Максіма Бурсевіча

З пачатку 1920-х гадоў Максім Бурсевіч падтрымліваў сувязь з беларускімі арганізацыямі ў Вільні. А праз пэўны час яго кандыдатура была вылучана Беларускім цэнтральным выбарчым камітэтам на пасла ў польскі сейм. У чэрвені 1925 года малады палітык увайшоў у першы актыў Беларускага пасольскага клуба, а праз год быў залічаны ў склад ЦК Беларускай сялянска-работніцкай Грамады (БСРГ) і абраны кіраўніком яе Цэнтральнага Сакратарыята.

Максім Бурсевіч загадваў фінансавымі сродкамі БСРГ, ствараў яе мясцовыя камітэты, наладжваў іх работу. У яго рукі аддалі ўсе фінансавыя сродкі — не інакш, мелі да яго бязмежны давер, як да чалавека сумленнага. Высока ацэньвалі яго здольнасці і ведалі, што ён адолее ўсе праблемы. Хоць гэта і была для Максіма Бурсевіча незвычайная справа: з вёскі ў горад, і адразу за руль вялікай і ўвесь час растучай арганізацыі. Але справіўся ён дастойна. Аб гэтым сведчыць і рашэнне апеляцыйнага суда, які ўсім паслам з 12 гадоў зняволення зменшыў тэрмін напалову, а Максіму Бурсевічу зменшыў толькі на два гады. Пакаранне беларус адбываў у турмах Лукішкі, Вронкі, Каранова.

На фота: Печка на Салаўках, якой карыстаўся Максім Бурсевіч і іншыя вязні

У 1932 годзе ў выніку абмену палітвязнямі трапіў у СССР, жыў у Менску. Працаваў у Дзяржплане БССР і ў Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР. Арыштаваны ДПУ БССР 21 жніўня 1933 года па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”. Прысуджаны 9 студзеня 1934 года да расстрэлу, які быў заменены 10 гадамі зняволення. Пакаранне адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала.

У Салавецкім музеі (Расея) знаходзіцца справа № 103010-37 г. У гэтай справе паведамляецца аб тым, што 3 лістапада разам са 134 “украінскімі буржуазнымі нацыяналістамі, асуджанымі на розныя тэрміны за контр-рэвалюцыйную, нацыяналістычную, шпіёнскую і тэрарыстычную дзейнасць на Украіне, і якія стварылі “Усеўкраінскі цэнтральны блок” было загадана 3 лістапада 1937 года расстраляць і беларуса Максіма Бурсевіча. Загад быў выкананы: разам з украінцамі Максім Бурсевіч быў расстраляны. Рэабілітавалі яго па абодвух прысудах 16 жніўня 1956 года.

Беларускае Радыё Рацыя