BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рэдактар і выдавец “Нашай нівы”

16 жніўня спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння беларускага выдаўца, публіцыста, грамадскага і культурнага дзеяча Аляксандра Уласава (1874-1941).

Аляксандр Уласаў нарадзіўся ў Вілейцы Віленскай губерні (цяпер Менская вобласць). Вучыўся ў духоўнай семінарыі і рэальным вучылішчы ў Пінску, рэальных вучылішчах у Менску і Лібаве. У 1905 годзе скончыў політэхнічны інстытут у Рызе. Прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905–1907 гадоў. Адзін з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), быў членам яе ЦК.

Аляксандр Уласаў рыхтаваў да друку беларускую газету «Наша доля», а з 8 снежня 1906 да 16 траўня 1914 года быў рэдактарам-выдаўцом газеты «Наша ніва». За антыўрадавыя публікацыі прыцягваўся да судовай адказнасці, у 1909 годзе быў асуджаны на 4 месяцы турэмнага зняволення. Адзін з заснавальнікаў беларускага выдавецтва «Наша хата» ў Вільні.

На фота: Іван, Антон Луцкевічы, Аляксандр Уласаў падчас выдання “Нашай нівы”

У 1912 годзе ў Вільні Аляксандр Уласаў наладзіў выданне сельскагаспадарчага часопіса «Саха», а ў 1914 годзе ў Менску — краязнаўчага часопіса для моладзі «Лучынка». У 1914–1917 гадах беларус служыў у царскай арміі. Быў удзельнікам Усебеларускага з’езда 1917 года, з красавіка 1918-га — у складзе Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

На фота: Аляксандр Уласаў з жонкай Аляксандрай і пасынкамі Дзімам і Алегам, 1920 г.

У канцы 1920 года Аляксандр Уласаў вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. За спробу адкрыцця ў Радашковічах беларускай гімназіі быў арыштаваны польскімі ўладамі і адбываў пакаранне ў канцлагеры ў Стшалкове. У 1922 годзе быў выбраны ў польскі сенат, дзе актыўна абараняў правы беларусаў. Ён быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў Таварыства беларускай школы (ТБШ), якое дзейнічала з 1921 да 1936 года.

На фота: Беларускі пасольскі клуб. Крайні справа ў другім радзе Аляксандр Уласаў. Варшава, 1923 г.

У 1939 годзе Аляксандр Уласаў шчыра вітаў далучэнне Заходняй Беларусі да БССР. Але неўзабаве быў арыштаваны органамі НКУС па сфабрыкаваным абвінавачанні ў «шпіёнска-правакатарскай дзейнасці» і пасаджаны ў вілейскую турму. Адсюль Аляксандра Уласава як «сацыяльна небяспечнага элемента» выслалі ў Сіблаг (Новасібірская вобласць Расеі), дзе ён і быў загублены на 67-м годзе жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя