BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рэзідэнт арт-сядзібы ў Махнартэ Уладзімір Грамовіч — намінант Neuköllner Kunstpreis

Беларускі мастак, сталы рэзідэнт арт-сядзібы ў Махнартэ, Уладзімір Грамовіч, увайшоў у шорт-ліст прэстыжнай берлінскай мастацкай прэміі Neuköllner Kunstpreis з інсталяцыяй «Людзі солі».

Праца прысвечана двум ключавым момантам беларускай гісторыі — паўстанню 1863 года і пратэстам 2020-га. Як адзначае сам мастак, праца наўмысна звяртаецца да тэмы паразы і калектыўнай памяці:

– Мая праца называецца «Людзі солі». Раблю рэканструкцыю зброі, якой карысталіся беларускія, і не толькі беларускія, паўстанцы ў сярэдзіне 19-га стагоддзя. Гэта інструмент, які дае жыццё: ты збіраеш жыта, робіш з гэтага хлеб. Яны перакоўвалі косы і рабілі з гэтага зброю. Усё гэта ўсталявана на такі ромб у выглдзе басейна, у яго наліта вада і ў гэтай вадзе распушчана марганцоўка.

Інсталяцыя, першапачаткова створаная для пражскага біенале Matter of Art, уяўляе сабой фантан з металу, вады, шахцёрскіх шлемаў, косаў і знойдзеных прадметаў. Вада ў ім афарбаваная перманганатам калія — соллю, звязанай з гісторыяй Салігорска і яго шахтаў.

Пераможцаў Neuköllner Kunstpreis абвесцяць 13 лютага, а выстава ўсіх намінантаў будзе адкрытая для наведвальнікаў з 14 лютага па 19 красавіка ў Galerie im Saalbau ў Берліне.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Jonáš Verešpej.