BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Родны ранак яго душы

Добры дзень! Родны ранак душы.

Затушы мой боль, затушы.

Затапі маё гора глыбокае,

Засвятлі сваё шчасце далёкае.

Бо чакае сябрына, бо веруе,

Што аднойчы не ўласнай хімераю

Зазірну да іх я і падзякую

Мовай роднаю — неабыякавай.

Гэтыя цудоўныя радкі напісаў таленавіты паэт Анатоль Шушко (1954-2018) з Піншчыны, якому 19 ліпеня спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння. На вялікі жаль, паэта ўжо шэсць гадоў няма сярод нас.

Родам Анатоль Шушко быў з вёскі Сташаны Пінскага раёна. Сваімі першымі настаўнікамі лічыў маці Ганну Рыгораўну (Сякерыч), настаўніцу гісторыі і геаграфіі, і бацьку Івана Канстанцінавіча Шушко, а цікавасць да літаратуры прывіў выкладчык славеснасці ў школе паэт Мікола Купрэеў (1937–2004).

У 1971 годзе Анатоль Шушко паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ў 1976-м настаўнічаў на Піншчыне і на гарадзенскай Свіслаччыне. Працаваў рабочым і будаўніком, выхавальнікам Пінскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот, вартаўніком, карэспандэнтам раённых газет.

Першы верш Анатоля Шушко быў апублікаваны ў газеце «Піянер Беларусі» ў 1969 годзе. Яшчэ школьнікам друкаваўся ў часопісе «Бярозка», газеце «Чырвоная змена». Пачаткам жа сапраўднага паэтычнага мастацтва сам Анатоль лічыў публікацыю падборкі вершаў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Першыя, яшчэ са школьнай лаўкі, вершы пачынаючага паэта заўважыў і падтрымаў беларускі крытык Варлен Бечык: «Якой важнай і цікавай творчай заяўкай здаваліся вершы гэтага юнака! Былі ў іх і маладая ўсхваляванасць жыццём, і разважлівая дапытлівасць, і назіральнасць, і псіхалагічная чуйнасць. Праглядваліся даволі выразныя рысы асаблівасці, уласнага светаадчування».

Вершы Анатоля Шушко друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», «Беларуская думка», калектыўных паэтычных зборніках, а таксама ў рэспубліканскай і мясцовай перыёдыцы. У 1994 годзе ў серыі “Бібліятэчка часопіса “Маладосць” пабачыла свет кніга Анатоля Шушко з глыбокай філасофскай назвай «Выток і прычасце».

У 2012 годзе выйшаў другі зборнік вершаў паэта «Шаны», за які ён атрымаў Дыплом II ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2012 года ў галіне паэзіі». Кнігай “Шаны” Анатоль Шушко паставіў сябе ў адзін шэраг з лепшымі паэтамі Берасцейшчыны – Міколай Засімам, Міхасём Рудкоўскім, Міколам Купрэевым, Нінай Мацяш…

Анатоль Шушко памёр пасля працяглай хваробы 8 лістапада 2018 года.

Пасля яго смерці жонка апублікавала яшчэ дзве кніжкі вершаў: “Сэрцу соладка, ясна, трывожна” у 2019 годзе і “Паэзія – душы маёй суладдзе” у 2020 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя