BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Роля паэзіі: дыскусія паміж Віктарам Шведам і Яшам Буршам

У беларускай літаратуры на працягу ўсяго ХХ стагоддзя перыядычна ўзнікала дыскусія пра ролю паэзіі. Адны былі прыхільнікамі тэорыі «чыстай красы» і наватарства ў паэзіі, другія сцвярджалі, што паэт мусіць быць актыўным удзельнікам грамадскага жыцця краіны і прытрымлівацца традыцыі беларускага верша. Напачатку 60-х гадоў такая дыскусія паміж паэтамі Беласточчыны Віктарам Шведам і Яшам Буршам адбылася і на старонках беластоцкай газеты «Ніва». 

Пра гэтую адметную літаратурную з’яву Васіль Кроква паразмаўляў з Госцяй Рацыі – літаратуразнаўцай Галінай Тварановіч.

Галіна Тварановіч і Яўген Вапа
Галіна Тварановіч і Яўген Вапа

Галіна Тварановіч: Адбылася яна на старонках “Нівы” напачатку 60-х гадоў. І якраз вось гэтая альтэрнатыва – з аднаго боку паэзія, паэтыка Яшы Бурша, і з другога боку, вершы Віктара Шведа. І вось ішла гаворка, што ж павінна ўсё ж такі мець першы голас у паэзіі: ці асэнсаванне Буршава, ці Шведава? Варта ўвогуле пазнаёміцца з матэрыяламі гэтай дыскусіі.

Ян Чыквін некалі так вобразна, аналізуючы творчасць Бурша, назваў яго “творчай асобай пад двума ветразямі”. Таму што адзін ветразь – гэта мастацтва, жывапіс, а другі – паэзія. І падаецца, што такое асэнсаванне свету, такое метафарычнае, вобразнае, вельмі лаканічнае, дзе кожнае слова займае сваё месца і мае свой сэнс, гэта было ўласціва яго характару, яго натуры, яго спосабу асэнсавання свету.

У сваю чаргу, Віктар Швед быў іншаю асобаю, асобаю іншага характару, які апісваў свае ўражанні, свае эмоцыі. У Віктара Шведа быў свой лёс на Падляшшы.

РР: Віктар Швед быў народным паэтам. Ягоная паэзія была простая. Па-мойму, ён сам даводзіў, што яна павінна быць зразумелая селяніну, даступная.

Галінай Тварановіч: Так. Але ж тут можна ўспомніць уласна сувязь “Нівы” беластоцкай з “Нашай Ніваю” віленскай. І Георгій Валкавыцкі ў “Вірах” – сваім летапісе, можна сказаць, беларускага руху і “Нівы”, “Белавежы” ўзгадвае пра тое, як ён шукаў назву для штотыднёвіка беластоцкага, падляшскага. І напісаў, што яму руку падала “Наша Ніва” з пачатку ХХ стагоддзя. І праблематыка, тэматыка, усё ў значнай ступені адпавядала, таму што і на Падляшшы другая палова 50-х гадоў – гэта распачынаецца своеасаблівае адраджэнне беларускае. І гэтае адраджнне беларускае, як напачатку ХХ стагоддзя засігналізавала пра сябе, разгарнулася ў Вільні, і “Наша Ніва”, дарэчы, распаўсюджвалася на Падляшшы і былі аўтары падляшскія, з тых жа Клёнікаў, з Сакольшчыны, з Бельску.

І вось існаванне “Нівы” беластоцкай у значнай ступені вельмі сваяцкае, роднаснае разгортванне гісторыі “Нівы” беластоцкай з “Нашаю Ніваю” віленскаю. І Віктар Швед пэўным чынам як бы працягвае традыцыю, закладзеную “Нашаю Ніваю” віленскаю. І апавяданні, і проза таксама, тут можна знайсці дастаткова шмат тыпалагічных аналогій, супадзенняў, скажам так. З той розніцай, што пэўна, пачатак ХХ стагоддзя і сацыяльна-гістарычныя абставіны адны, і ўсё ж такі другая палова 50-х гадоў таго ж стагоддзя крэсляць адрозненні.

Але тым не менш, гэты пачатак адраджэнцкі пачатку ХХ стагоддзя і тут, на Беласточчыне, у другой палове 50-х гадоў ён  выразна праяўляецца і ў творчасці Віктара Шведа, калі трэба было заявіць, што беларускасць жывая, ёсць,  я – беларус і ганаруся гэтым. І напачатку ХХ стагоддзя гэта таксама гаварылася, абуджэнне з літаргічнага сну адбывалася беларускага насельніцтва, патлумачыць, што гэта не “тутэйшасць”, а менавіта канкрэтная гісторыя, якой можна і трэба ганарыцца.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя